Пантэон Беларусі. Атаман Дзяргач

На яго палявалі польскія і савецкія спецслужбы...


Інтэрнэт-газета Naviny.by распачынае серыю публікацый з нізкі города Минска Вячеслава Адамовича, который приходил в семинарию как вольнослушатель, изучал предметы средней школы. Это был первый для меня человек, который агитировал по-белорусски”.

“Зялёны Дуб” — ваенна-палітычная арганізацыя беларусаў на пачатку 20-х гадоў ХХ стагоддзя, якая мела на мэце пабудову незалежнай дэмакратычнай Беларусі. Гэтая палітычная скіраванасць абумовіла вялікі інтарэс да яе як расейскай, так і польскай разведкі.

Вячка скончыў Ковенскую гімназію і, хутчэй за ўсё, не меў патрэбы вывучаць школьны курс. Безумоўна, навучанне ў семінарыі мела палітычныя і асветніцкія мэты. За душы і свядомасць беларускіх хлопцаў, якія апынуліся ў выключна расійскім асяродку, трэба было змагацца. Вельмі хутка ён заваяваў сімпатыі моладзі. 25 семінарыстаў увайшлі ў арганізаваны ім беларускі гурток, сярод іх — будучыя слуцкія паўстанцы і зялёнадубцы, якія змагаліся за незалежную Беларусь.

Духоўнымі і палітычнымі кіраўнікамі моладзь, што гуртавалася вакол Дзергача, лічыла Б.Тарашкевіча, У.Ігнатоўскага, П.Жаўрыда, Ф.Аляхновіча, А.Смоліча. “Вячка доказывал, что революция не нужна, а необходимо всем белорусам свое национальное чувство проявить и Белоруссию организовать, самостоятельно и отдельно от России. Самое подходящее для белорусов — это Белоруссия без большевиков. Все и во всех уголках должны стараться, чтобы Белоруссия была независимой”, — успамінаў словы свайго настаўніка Іван Пешка, добрасумленна выкладаючы іх на паперы для следчага ў кастрычніку 1939 года. Чэкіст падсумаваў: “Организуемый и руководимый Адамовичем Вячеславом Вячеславовичем Белорусский кружок молодёжи распространял идеи образования отдельного белорусского государства без русских, а также недопущения советской власти в Белоруссии”.

Цікава, што частка мінскіх семінарыстаў вясною 1920 года апынецца ў Слуцку і працягне навучанне на агульнаадукацыйных настаўніцкіх курсах, рыхтуючы рэзерв слуцкай паўстанцкай арміі. Бачна, што пэўная сістэма ў падрыхтоўцы сіл для змагання ў той час існавала. Увесну 1920 года Дзяргач — таксама ў Слуцку. Ён наведвае настаўніцкія курсы і гурток слуцкай моладзі “Папараць-кветка”.

З паказанняў Андрэя Бараноўскага, сакратара Слуцкай арганізацыі Беларускай партыі эсэраў, арыштаванага ў 1938 годзе: “Скоро от Белорусской Войсковой Комиссии в Слуцк приехал её агент, фамилии его не знаю, но которого называли Дергач. О цели своего приезда — организации вербовочной кампании для Войсковой комиссии в Слуцке — он доложил Слуцкому Национальному комитету, Жавриду, Петрашкевичу и Асветимскому. Комитет дал свое согласие, особенно на этом настаивал Жаврид... На Пролетарской улице была открыта контора по вербовке людей,.. повесили бел-чырвона-белы флаг и соответствующую вывеску. По волостям рассылали объявления о наборе офицеров и рядовых в Белорусскую армию. Люди начали приходить. Им объясняли необходимость создания белорусских военных формирований. Они заполняли нужные бланки, получали деньги и направлялись в Минск”.

Зялёнадубцы прынялі удзел у Слуцкім паўстанні. Некаторыя падрабязнасці тых дзён высвятляюць “успаміны” начальніка Галоўнага штабу “ЗД” Ксеневіча-Грача. Як сведчыць Грач, зялёнадубцы неаднаразова пасылалі паўстанцам зброю, якую атрымлівалі ад палякаў. Гэта была зброя інтэрнаваных балахоўскіх атрадаў. “Зялёны Дуб” аказаў дапамогу і выбуховымі рэчывамі, іх было дастаткова на бронецягніку “Балаховец”. Праўда, палякі ўжо ўзялі яго маёмасць на ўлік, але “крадзяжу” выбуховых рэчываў не супрацьдзейнічалі. За адну ноч зялёнадубцы даставілі іх паўстанцам. Грач падкрэсліваў, што дапамога случакам абмяжоўвалася толькі зброяй, што ў Слуцк з мэтай устанаўлення сувязі былі накіраваны ўсяго 10 чалавек. Але між іншым узгадвае, што ў той жа час штаб камплектаваў атрады па 20-25 чалавек і накіроўваў іх у Чучавічы, што пад Лунінцам, адтуль на Сіняўку — Семежава. Галоўны штаб месціўся як раз у Лунінцы. Сам Дзяргач на чале атрада ў 60 чалавек дзейнічаў у раёне Мілкавічы — Старобін.

Пасля паразы Першай Слуцкай Брыгады ў баях з Чырвонай Арміяй усе намаганні “ЗД” былі скіраваны на збіранне і канцэнтрацыю сваіх сіл. За адбудоваю Галоўнага штабу пільна сачыў старшыня Беларускага Палітычнага Камітэта Адамовіч-старэйшы. Яго арганізацыя мела планы стаць цывільным урадам у выпадку перамогі Булак-Булаховіча. Як “успамінаў” Грач, Вацлаў Антонавіч дапамагаў афармляць партыйныя дакументы, рабіць пячаткі. З ім вырашаліся пытанні аб складзе штабу, яго функцыях. Шмат хто з чальцоў БПК быў зялёнадубцам, і наадварот. Так, атаман Дзяргач уваходзіў у БПК, яго ад’ютант Густалес з’яўляўся адначасова сакратаром канцылярыі БПК і Галоўнага штабу “Зялёнага Дуба”.

Шмат хто з сучаснікаў памятаў Дзяргача як акцёра і спевака. Так, сябры мінскай зялёнадубскай арганізацыі ў адзін голас сцвярджалі, што знаёмства з ім адбылося менавіта ў хоры вядомага капельмайстра Уладзіміра Тэраўскага. Захапленне Дзергача беларускім тэатрам засведчылі Францішак Аляхновіч і Усевалад Фальскі ў сваіх паказаннях у ГПУ-НКВД. Прозвішча Дзяргач (у рускіх крыніцаў іншы раз сустракаецца ў перакладзе з беларускай — “Коростень”) з’явілася нават не як атаманская мянушка, а як творчы і сцэнічны псеўданім. І назва арганізацыі, якую ўзначаліў Дзяргач, нарадзілася не выпадкова. На адным з першых месцаў у рэпертуары капэлы пад кіраўніцтвам Тэраўскага была песня “Зялёны дубочак”, але трэба сказаць, што гэта толькі версія. Пад час баявых вандровак атаман запісваў словы і музыку песень, народныя паданні і легенды. Тэкст песні “Вясяліся, рвісь капыта”, як сведчыць адпаведны запіс у нотным сшытку, належыць В.Адамовічу, а музыка — кіраўніку хора. Па словах памочніка Тэраўскага Сяргея Ламакі, Дзяргач клапаціўся аб усім неабходным для капэлы, шукаў нават строі для спевакоў.

На працягу 1919-1920 гадах Адамовіч-малодшы шмат друкуецца на старонках беларускіх выданняў: “Звон”, “Беларусь”, “Рунь”.

Трэба сказаць, што сумяшчэнне палітычных і творчых роляў у тагачасным грамадстве — з’ява вельмі распаўсюджаная. Літаратурныя творы, выступленні на тэатральнай сцэне, — цудоўныя сродкі папулярызацыі асобы і камунікацыі ў розных асяродках. Шмат хто з вядомых атаманаў пісаў вершы і меў вядомасць добрага выканаўцы музычных твораў. Напрыклад, песні атамана Абярона моладзь Віцебшчыны перадавала з рук у рукі ў сшытках і ахвотна спявала на вяселлях. Вельмі жаданым госцем на вясковых святах быў атаман Георгій Моніч, атрад якога дзейнічаў на Міншчыне. Ён добра спяваў, танчыў і заўсёды быў верхаводам у моладзі. Лідэрства падмацоўвалася пэўнымі асабістымі якасцямі і талентамі.

Дзяргач выступае і як летапісец партызанскага руху. У дзённіку “Зялёнага Дуба” празрыста ўзгадвае палітычныя задачы партызанкі (за Бацькаўшчыну, вольную Беларусь, нацыянальнае Адраджэнне), ваенныя (абарона Палескай брамы), сацыяльныя (ратаванне людзей ад бальшавіцкага гвалту і рабаўніцтва). Уважлівы чытач на старонках партызанскага жыццяпісу збярэ інфармацыю аб арганізацыі і структурах узброеннага ляснога супраціву, камунікацыях паміж імі. Па-мастацку малююцца аўтарам жыццё і побыт партызанскага лагеру (стану): харчаванне, адпачынак, адносіны ў калектыве.

Чырвоныя камандзіры і камісары — таксама героі, а лепш сказаць — антыгероі творчасці Дзергача. На доўгія гады праўдзівы, непрывабны, як і сама гэта вайна, вобраз бальшавікоў знік са старонак друку. Лакіраваныя партрэты бязгрэшных будзёных і варашылавых, вялікіх і малых, пазней запаланілі ўсю савецкую літаратуру і кіно. Але іх непрывабнасць засталася ў літаратурных і дакументальных сведчаннях часу, якімі, напрыклад, з’яўляюцца партызанскія нарысы атамана.

Вядомых фактаў з асабістага жыцця атамана вельмі мала. У 1921 годзе загінула яго каханая жанчына — Ганна Доўгерт. Адважная разведчыца, яна неаднаразова пераходзіла мяжу, прыносіла каштоўную інфармацыю з Мінска. Яе сяброўка Зіна, пра якую толькі і вядома, што яна была “жгучей брюнеткой”, стала жонкай Дзергача ў 1923 годзе. У сям’і атамана нарадзіўся сын Леанід. Яшчэ адна неабыякавая да атамана жанчына, жонка нейкага маскоўскага вайсковага начальніка, не змагла адмовіць Дзергачу і ў “гонар кахання юнацтва” перадала яму праз “свайго чалавека” копію дыслакацыі Чырвонай арміі на 1925 год, нават дадзеныя аб колькасці патронаў у падсумцы чырвонаармейца.

Па ўсіх звестках, Дзяргач — чалавек, адданы сваёй працы, змаганню за лепшы лёс Бацькаўшчыны. Як паплечнік генерала Булак-Балаховіча, ён адразу пасля паражэння “бацькі” пачаў фарміраваць аддзелы з былых яго ваяроў і афіцэраў пад выглядам арганізацыі Лігі Паветранай Абароны. Ён зноў прымусіў гэтых людзей паверыць у свае сілы. Як кіраўнік “Зялёнага Дуба”, працягваў гэтую справу арганізацыі баявых сіл, пры тым на высокім прафесійным узроўні.

Дзяргач спрабаваў уплываць на палітыку польскіх уладаў у беларускім пытанні. У пачатку снежня 1924 года ў Лунінцы ён меў намер стварыць так званы Камітэт беларускіх спраў, які павінен быў, па яго задумцы, кантраляваць дзеянні прадстаўнікоў польскіх уладаў у адносінах да беларускага насельніцтва. Як перакананы антысаветчык, у вёсцы Гаўрыльчыцы (побач з мяжой) стварыў нешта накшталт агентурнага бюро, якое павінна было сачыць за настроямі сялян у вёсках пагранпаласы, засылаць сваіх людзей у камуністычныя ячэйкі, агітаваць і арганізоўваць сялян за адзіную непадзельную Беларусь. (“У адзінстве сіла беларусаў”, — меркаваў атаман). Агенты павінны былі разведваць, дзе знаходзяцца савецкія дыверсійныя атрады, іх колькасць і кірунак дзейнасці. Безумоўна, ён меў арганізатарскі талент, быў здольны ў розных абставінах прыцягваць да сябе людзей.

Відавочна таксама, што жорсткі час адбіўся на характары гэтага маладога чалавека. У некаторых абставінах Дзяргач праяўляў палітычны экстрэмізм, недальнабачнасць. Ён мог быць вельмі жорсткім і бязлітасным у адносінах да тых, каго лічыў ворагам. Прадстаўнікі розных беларускіх арганізацый у верасні 1925 года на сваім пасяджэнні разглядалі жахлівы выпадак забойства Дзергачом жанчыны, у асобе якой атаман западозрыў бальшавічку. Вельмі паказальна, што вінаватым ён сябе не прызнаў, наадварот, палічыў за дасягненне, што выкрыў і знішчыў, па яго словах, “чарвяка, які тачыў арганізацыю знутры”. Магчыма, гэта была помста за трагічную смерць каханай Ганны, але звяртае ўвагу, як вельмі лёгка і жортска ён вырашаў чужыя лёсы. Мабыць, нельга вырываць гэтых людзей з рамак таго часу. Яны — людзі вайны, вайны грамадзянскай. Іхнімі каштоўнасцямі былі ідэі — камуністычныя, манархічныя, нацыянальныя, — а не жыццё асобнага чалавека. Дарэчы, не шкадавалі яны і асабістага жыцця.

Раз-пораз імя беларускага атамана ўсплывала ў еўрапейскай прэсе ў другой палове 20-х гадоў, у ліставанні дзеячаў эміграцыі ў 30-я гады. У 1928-м большасць еўрапейскіх газет падхапіла сенсацыйную заяву румынскага журналіста Дземенітру: кіраўнік “Зялёнага Дуба” — атаман Дзяргач — агент савецкай тайнай паліцыі. Гісторыя набыла гучны рэзананс і доўга не знікала са старонак прэсы. Вядомы расійскі палітык і маральны аўтарытэт у эміграцыйных асяродках Уладзімір Бурцаў разбіраўся ў гэтай бруднай справе і па сутнасці выратаваў жыццё і рэпутацыю Дзергача. Трэба дадаць, што вядомы эсэр неаднаразова на старонках свайго часопіса “Былое” узгадваў “змагароў за дэмакратыю ў Беларусі”, зялёнадубцаў, — братоў Караткевічаў, абодвух Адамовічаў і іншых.

Арыштаваныя ў 1939 годзе Іван Пешка і Сяргей Бусел паказалі, што на момант пачатку Другой сусветнай вайны Дзяргач служыў псаломшчыкам у праваслаўнай царкве горада Данцыга. Паколькі імя Вячаслава Адамовіча нідзе не прамільгнула падчас вайны, можна з вялікаю асцярогаю меркаваць, што ён не мінуў ГУЛАГу. Дакладна вядома толькі, што шмат дакументаў архіва КДБ пазначаныя рэкамендацыяй “да справы Дзергача”...