Беларускія «прайдзісветы» склікаюць перакладчыкаў

У літмузеі Багдановіча прайшла прэзентацыя першага ў беларусі інтэрнэт-часопіса перакладной літаратуры...

 

27 траўня ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча адбылася прэзентацыя дэбютнага нумару інтэрнэт-часопіса літаратурных перакладаў «ПрайдзіСвет». Гэты абсалютна новы для культурнай прасторы Беларусі прадукт ствараецца групай знаўцаў замежных моў і аматараў літаратуры. Як патлумачылі самі перакладчыкі, часопіс з’яўляецца пабочным прадуктам дзейнасці перакладніцкай майтэрні «Беларускага калегіюма». «Не падабаецца мне гэтая назва — «прайдзі-свет», — адзначыў філосаф Валянцін Акудовіч. — З аднаго боку ёсць у ёй вынаходка, але з іншага яна кплівая і несур’ёзная».

Валянцін Акудовіч

Нягледзячы на заўвагу мэтра, моладзь, якая займаецца перакладамі, выглядае звышсур’ёзнай. Да свайго дзецішча аўтары і рэдактары новага выдання таксама ставяцца вельмі ахайна, не дазваляючы сабе звычайнай для маладых дураслівасці і летуценнасці. Вядома, сама місія — насыціць беларускую літаратуру якаснымі перакладамі — патрабуе адказнасці, але моладзь, якой не хочацца вар’яцець, здзіўляць і супрацьстаяць мадэлям дзейнасці ды сустрэч старэйшых — насцярожвае. Страх перад самой магчымасцю аступіцца і зрабіць памылку характарызуе амаль кожную новую беларускую справу — пачынаючы ад маладых гуртоў, якія з першага акорда робяць «яе вялікасць музыку», і сканчаючы маладымі пісьменнікамі, што ў барацьбе за красамоўства яшчэ ніводнага разу не паказалі «беларускага Жадана» — лёгкага, іранічнага, неглыбокага, не схільнага да славаблудных рэфлексій, апавяданні і раманы якога чытаюцца гэтак жа нязмушана, як праслухоўваецца чарговая песня чарговага любімага гурта.

аўтаркi

Дарэчы, пра тое, што беларускага Жадана зачакаліся ўсе аматары добрага чытва, сведчыць і тое, што яго выступ у Мінску адзначыўся поўным аншлагам, і тое, што ў першым нумары «ПрайдзіСвета», прысвечаным сучаснай літаратуры, пераклады твораў менавіта гэтага аўтара прадстаўляюць Украіну.

Хадановiч

Музычна-тэатральная частка прэзентацыі, з якой і пачалася сустрэча, нагадвала старыя добрыя беларускія літаратурныя вечарыны — крыху нудны, але і не правакатыўны выступ «Крывога тэатра», на які немагчыма абразіцца, але пад які можна задрамаць. На працягу дзясятка хвілін чалавекападобная фігура, зробленая, здаецца, з пап’е-машэ, дэманстравала пісьменніцкія мукі пад фартэпіянныя раскаты — са з’яўленнем натхення фартэпіяна ледзь не расколвалася ад гукаў, а рука цацачнага чалавека хутка выводзіла ўяўныя літары на белым аркушы. Натхенне адыходзіла, фігура пачынала сумаваць, гледачы таксама.

Крывой тэатр

У якасці мастацкай часткі аўдыторыі таксама было прапанавана некалькі песен у стылі старога добрага студэнцкага КВЗ: песня пра сала на словы Сяржука Вітушкі і перапрацаваная як «Есці дай» «бітлоўская» Yesterday. Кампазіцыі гэтыя, выкананыя «несусветна вядомым» музыкам Раманам Абрамчуком, таксама сустракаліся раскатам — на гэты раз, глядацкага смеху. Што ні кажы, а наша публіка самая непатрабавальная і прыхільная на зямлі. Ёй не трэба дагаджаць, і гэта добра, бо на падобных вечарынах пануе атмасфера ляснога летніка і сямейнага юбілею. З іншага боку, ці многія з прысутных шчыра любяць сямейныя юбілеі?

Марыйка Мартысевіч  

Як ні дзіўна, найбольш запамінальнымі і цікавымі на прэзентацыі былі выступы якраз запрошаных гасцей — Марыйка Мартысевіч прачытала цэлую вязанку перакладных вершаў пра ружы, намагаючыся не зрыфмаваць іх са сцюжамі (задача вельмі экспартная — на літаратурнай вечарыне ў якім-небудзь Пецярбургу яна б пазбягала рыфмы «розы — морозы»)... 

Віталь Рыжкоў

...а магілёвец Віталь Рыжкоў, увабраўшы лепшыя традыцыі паэтычных слэмаў у сваю манеру чытання, уласнымі перакладамі выклікаў больш інтарэсу і эмоцый, чым тэатр, пра які ўжо казалася вышэй.



«Гэта добра, што ўрэшце з’явіўся такі часопіс, — сказала Марыйка. — Бо раней перакладзеш што-небудзь, і ходзіш, як бедны дзіцёнак, просіш: надрукуйце, калі ласачка».

Ірына Мышкавец

Валянцін Акудовіч, павіншаваўшы стваральнікаў новага літаратурнага часопіса, са смехам узгадаў, як ужо аднойчы друкаванае дзецішча калегіюму было названа вельмі спрэчна: «У прынцыпе, назва часопісу «Паміж» таксама была добрая, толькі яго стваральніцамі выступалі адныя дзеўкі-феміністкі, і гучала гэта назва дастаткова неадназначна».

Выступаючы пад партрэтам маладога і строгага Максіма Багдановіча, намесніца дырэктара яго музея Ірына Мышкавец нагадала, што прэзентацыя выдання перакладаў асабліва актуальная ў гэтым месцы і ў гэты час — сёлета спаўняецца сто год з пачатку перакладчыцкай дзейнасці самага рамантычнага беларускага паэта, таксама стагоддзе адзначаюць першыя пераклады багдановічавых вершаў.

Карысць новага выдання лепш за ўміх акрэсліў кіраўнік перакладчыцкай майтэрні БК Андрэй Хадановіч. Паэт і старшыня «ПЭН-цэнтру» лічыць, што сэнс «ПрайдзіСвета» нават не ў тым, што будзе перакладзена шмат замежных пісьменнікаў, а ў тым, што, перакладаючы, беларускія аўтары будуць развівацца і адчуваць актуальную замежную літаратуру. А адчуўшы, на думку Хадановіча, зробяць яшчэ лепш.

Рэдакцыя «ПрайдзіСвету» запрашае перакладнікаў да супрацоўніцтва. Адрас рэдакцыі — [email protected]