У Мінску ўпершыню пройдзе беларускамоўны паэтычны батл

3 лістапада ў Мінску ўпершыню пройдзе беларускамоўны паэтычны батл «Вершус». Ён адбудзецца ў рамках праекта «Чытаем па-беларуску з velcom» і прымеркаваны да 135-годдзя Якуба Коласа і Янкі Купалы.

Маладыя паэты і акцёры будуць спаборнічаць адзін на адзін, чытаючы свае вершы і творы класікаў. Хто пераможа ў «Вершусе» — «Каманда Купалы» або «Каманда Коласа» — вызначаць гледачы.

Батл будзе прахадзіць на першым паверсе гандлёвага цэнтра Galleria Minsk (пр. Пераможцаў, 9). Пачатак — у 17:00, уваход вольны. 

У першым раўндзе паэтычнага батла сустрэнуцца акцёры тэатра «Жывое слова» Анатоль Глямбоцкi i Наста Жлукценка. У другім і трэцім раўндах сыдуцца маладыя паэты Кацярына Мосэ і Маргарыта Латышкевіч, Алесь Снег і Мікіта Найдзёнаў.

«Дата «Вершуса» абрана невыпадкова — менавіта 3 лістапада адзначаецца 135-гадовы юбілей Якуба Коласа, — каментуе начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый Вячаслаў Смірноў. — У сацыяльным праекце «Чытаем па-беларуску з velcom» мы імкнемся аб'яднаць літаратуру і сучасныя тэхналогіі. Папулярны фармат «батлу» мы вырашылі пераўтварыць у добрае спаборніцтва паэтычных талентаў. Дарэчы, назіраць за «Вершусам» можна будзе ў прамым эфіры ў афіцыйных акаўнтах velcom ў сацыяльных сетках».