Велікодныя пісанкі: навошта беларусам чырвоныя яйкі?

Напярэдадні Чырвонай суботы Naviny.by зацікавіліся традыцыямі беларускіх велікодных пісанак...

 

Напярэдадні Чырвонай суботы Naviny.by зацікавіліся традыцыямі беларускіх велікодных пісанак і даведаліся, што навуковая версія паходжання гэтай традыцыі істотна адрозніваецца ад царкоўнай. 

 
Ілюстрацыя з кнігі Я. Сахуты «Беларускае народная мастацтва»

Згодна з царкоўнай версіяй, першае велікоднае яйка Святая роўнаапостальная Марыя Магдаліна паднесла рымскаму імператару Тыберыю. Калі Марыя прыйшла да Тыберыя і аб'явіла пра Уваскрэшанне Хрыста, імператар сказаў, што гэта немагчыма роўна так, як і тое, што курынае яйка будзе чырвоным, і пасля гэтых слоў курынае яйка, якое ён трымаў, стала чырвонага колеру.

Але, як распавёў доктар мастацтвазнаўства, прафесар Яўген Сахута, археолагі знаходзяць пісанкі, альбо іх рэшткі, альбо імітацыю ў выглядзе гліняных вырабаў яшчэ з дахрысціянскіх часоў, а гісторыя паходжання гэтага звычаю звязана з язычніцтвам.

«У нашых продкаў славян і ў некаторых суседніх народаў курынае яйка, якое ўтрымлівае ў сабе будучае жыццё, лічылася сімвалам абуджэння прыроды пасля зімовага сну, сімвалам зараджэння новага жыцця, якое ў нашых продкаў звязана з вясною, — распавядае мастацтвазнаўца. — Таму звычаі, звязаныя з курынымі яйкамі, прымяркоўваліся да найвялікшага язычніцкага свята земляробчага календара, свята пачатку вясны, свята абуджэння прыроды пасля зімовага сну».

Свята называлася Вялікдзень, альбо Вялікі дзень, і адзначалася яно пасля дня вясновага раўнадзенства (21 сакавіка), калі дзень станавіўся даўжэйшы за ноч. Ад гэтага дня браў пачатак і комплекс сельскагаспадарчых работ у беларусаў. Святы земляробчага календара адзначаліся, як правіла, на два-тры дні пазней дня раўнадзенства, калі працяглась дня і ночы ўжо трошкі адрознівалася, адзначае навукоўца. Так, напрыклад, Каляды адзначаліся не 22 снежня, а 25-га, Купалле — не 22 чэрвеня, а 24-га.

«Калі на нашых землях было уведзена хрысціянства, яно, як мы ведаем, напачатку спрабавала знішчаць язычніцкія звычаі, ваяваць з імі, але потым, убачыўшы, што гэта безпаспяхова, хрысціяне зрабілі вельмі хітры і прадбачлівы ход — усе свае хрысціянскія святы прывязалі да колішніх язычніцкіх, а таксама ўключілі ўсе звычаі, як свае. Да Калядаў прывязалі Раство Хрыстова, да Сёмухі — Троіцу, а да Вялікадня — найвялікшае хрысціянскае свята Пасхі альбо Уваскрэшання Хрыстова», — патлумачыў навукоўца.

Распаўсюджанае на Беларусі двухмоўе дазваляе ўбачыць спалучэнне язычніцтва і хрысціянства ў традыцыйных святах і сёння. «Зараз мы ўжо не раздзяляем, якія гэта звычаі — хрысціянскія ці язычніцкія. Але, як вядома, у савецкія часы яны былі забароненыя, паколькі лічыліся выключна рэлігійнымі», — тлумачыць Сахута.

Курыныя яйкі былі галоўным атрыбутам вясновага свята Вялікадня. Як кажа Яўген Сахута, на Беларусі былі распаўсюджаны безліч звычаяў, звязаных з яйкамі: іх дарылі ў знак сімпатыі, перакідвалі праз хату, каб у яе не ўдарыла маланка, закопвалі на ніве, каб рос добры ўраджай, прыносілі на могілкі ў памяць аб продках.

Каб узмацніць сімвалічную сілу яек, на Вялікдзень іх фарбавалі ў чырвоны колер, які ў нашых продкаў быў сімвалам сонца, жыцця, прыгажосці і крыві як носьбіту жыцця. Яйкі альбо фарбавалі ў адзін колер і атрымлівалі так званыя «крашанкі», альбо рабілі «пісанкі», дэкараваныя рознымі ўзорамі.

Для крашанак традыцыйна ўжывалася шалупінне цыбулі, якое ў залежнасці ад колькасці адвару і часу вытрымкі давала колер ад аранжавага да цёмна-чырвонага, а калі дадавалі яшчэ іржавае жалеза альбо альховую кару, то амаль што карычневы, распавядае Яўген Сахута.

Па яго словах, традыцыі аздаблення пісанак на Беларусі звязаны з тэхнікай васкавання. Для гэтага ўжываўся чысты пчаліны воск, які растоплівалі над агнём і, памачыўшы ў яго шпільку ці цвічок, наносілі на курынае яйка васкавыя кропачкі альбо расцягнутыя кропелькі. «З гэтых двух элементаў — кропелек і кропачак — кампанавалі самыя розныя ўзоры, аснову якіх складаў сонечны сімвал», — кажа мастацтвазнаўца. 

 
Ілюстрацыя з кнігі Я. Сахуты «Беларускае народная мастацтва»

Потым воск саскрабалі, а на чырвоных яйках заставаўся белы або жаўтаваты ўзор (у залежнасці ад першапачатковага колеру шкарлупіны яйка).

Акрамя васкавання, на Беларусі рабіліся яшчэ так званыя «скробанкі», якія ўяўлялі сабой тыя ж аднатонныя крашанкі, на якіх пасля высушвання вострым прадметам выскробвалі які-небудь узор, як правіла, геаметрычны.

«Маглі выскробвацца хрысціянскія крыжы ці віншавальныя надпісы, — кажа мастацтвазнаўца. — Там могуць быць самыя розныя матывы, не абавязкова сонечныя знакі, але гэта вельмі крапатлівая, марудная работа, якой мала хто займаўся».

Сёння на Беларусі больш распаўсюджаны крашанкі, чым пісанкі, і, як адзначае Яўген Сахута, толькі майстры старэйшага пакалення не лянуюцца займацца традыцыйным васкаваннем. Але зараз існуе і шмат новых тэхналогій, якія імітуюць васкаванне — простае накапванне воску на яйка, падкладванне лісточкаў пад фарбу, не гаворачы ўжо пра гатовыя наборы для дэкору, з дапамогай якіх «можна зрабіць яркую пісанку, але безнацыянальную».

Асаблівасці менавіта беларускіх пісанак звязаны с агульнаславянскімі традыцыямі, якія, па словах Сахуты, на Беларусі захаваліся лепш, чым ў іншых краінах. Але аналагічныя пісанкі робяць і на суседніх тэрыторыях: польскім Падляшшы і Беласточчыне, у Літве і на ўкраінскім Палессі.

У іншых славянскіх народаў больш пашырана паліхромія, якая распаўсюдзілася пазней. Напрыклад, у балгараў, чэхаў, славакаў выкарыстоўваюцца яркія раслінныя матывы. На украінскім Закарпаціі распаўсюджана пачарговае пагружэнне яйка ў розныя растворы з нанясеннем узораў, але гэта амаль ювелірная работа.