Каталіцкая царква хвалюецца пра шчасце закаханых

Са снежня ў касцёле святых Сымона і Алены ў Мінску (Чырвоны касцёл) будуць праводзіцца «Вечары для закаханых»...

 

Са снежня ў касцёле святых Сымона і Алены ў Мінску (Чырвоны касцёл) будуць праводзіцца «Вечары для закаханых» — для пар, якія ўжо вырашылі ўзяць шлюб, а таксама для тых, хто пра гэта нават не думаў.

Як паведаміў Naviny.by адзін з аніматараў сустрэч Іван Лубінскі, мэта такіх вечароў — падрыхтаваць закаханых для сужэнства, раскрыць увесь сэнс злучэння лёсаў мужчын і жанчын.

«Многія па-рознаму глядзяць на тое, што такое сям’я. Некаторыя лічаць, што сям’я грунтуецца толькі на эканамічных асновах ці толькі на эмоцыях, ці на свабодных адносінах. Мы прапаноўваем шлях, зыходхячы з пазіцый каталіцкай царквы», — распавёў Іван Лубінскі.

Па яго словах, такія заняткі не падобная да псіхатэрапіі: «Да нас прыходзяць звычайныя закаханыя, якіх мы рыхтуем да далейшага сумеснага жыцця. У нас няма псіхіятраў».

Цэнтральнай ніткай заняткаў стане тэма дыялогаў, адзначае аніматар. Таксама будуць абмяркоўвацца тэмы агульных каштоўнасцяў, больш глыбокага знаёмства закаханых, хрысціянскага погляду на планаванне сям’і, сувязі з Богам і яе значэння для сям’і, правілаў, на якіх будуецца моцная сям’я. «Гэтыя тэмы будуць карысныя для далейшага развіцця сужэнства», — кажа Іван Лубінскі.

Па яго словах, адзін з заняткаў будзе прысвечаны і сучасным тэмам, у тым ліку сэксу, кантрацэпцыі і інш. «Будуць закранацца і тэмы, звязаныя з тым, якім павінна быць сэксуальнае жыццё. Тут будзе разглядацца пункт погляду касцёлу. Мы не будзем казаць, як канкрэтна трэба паступаць, але распавядзем пра тое, якія пагрозы нясуць сучасныя свабодныя адносіны».

На заняткі могуць прыходзіць асобы незалежна ад іх канфесійнай прыналежнасці, але гэта не азначае, што там не будзе гаворак пра рэлігію, бо заняткі праводзяцца разам з каталіцкім святаром.

«Проста мы не будзем казаць, што ўсе павінны быць адной рэлігіі. Будзе весціся гаворка аб тым, што нармальнае сужэнства складана будаваць без адносінаў з Богам», — зазначыў аніматар.

Па жаданні і магчымасцях пар «Вечары» могуць складацца з 9 сустрэч па 2-2,5 гадзіны адзін раз на тыдзень альбо заняткаў на працягу трохдзённага ўікенду. Сустрэчы праводзяць сужэнская пара і святар.

«Мы разлічваем, што будзе не менш пяці пар, для адной-дзвюх заняткі складана праводзіць», — кажа Іван Лубінскі.

«Вечары», па яго словах, праводзяцца бясплатна. Звычайна яны праходзяць у неафіцыйнай абстаноўцы, таму пары часта прыносяць штосьці перакусіць. Прадугледжваюцца і ахвяры на супольнасць «Сужэнскія сустрэчы», але гэта нефіксаваная сума.

У Мінску ўжо праводзілася некалькі серый такіх заняткаў, амаль ўсе пары ажаніліся, некаторыя нават маюць дзяцей, зазначае Лубінскі.