Адкуль у Беларусь ідуць наркотыкі?

 

Летась у Беларусі сканфіскавалі каля 2 тонаў наркотыкаў. Каля 3 тысяч чалавек асуджаныя за наркагандаль. Беларусь ператварылася з краіны, празь якую ідзе транзыт наркотыкаў, у краіну-спажыўца.

У найбліжэйшыя гады, прагназуюць беларускія міліцыянты, опіюмная экспансія ў Беларусь будзе толькі расьці. Гэтаму спрыяюць празрыстыя межы паміж Расеяй і Сярэдняй Азіяй ды паміж Расеяй і Беларусьсю. Такую выснову зрабіў Дзярждэпартамэнт ЗША у чарговым "Дакладзе аб міжнароднай стратэгіі барацьбы з наркотыкамі".

У дакумэнце апісваецца сытуацыя ва ўсіх краінах былога СССР. Транзыт наркотыкаў праз Беларусь увесь час расьце, яны ідуць з усіх суседніх краінаў, апрача Латвіі. Прычым кур’ерамі і прадаўцамі ўсё часьцей зьяўляюцца беларусы, якія пацясьнілі ў гэтым бізнэсе цыганскую супольнасьць.

Гаворыць вядучы спэцыяліст у сфэры барацьбы з нарказваротам, старэйшы лейтэнант міліцыі Ігар Райкевіч:

— Крыўдна, што ўсё больш нашых беларускіх людзей уцягваюцца ў гандаль наркотыкамі. З 46 асуджаных за гандаль наркотыкамі ў 2004 г. толькі 19 — цыганы. У пустынях ёсьць цэлыя гектары, дзе вырошчваюцца наркотыкі. У Беларусі гектараў няма. У нас наркотыкі ідуць больш за ўсё з Расеі — гераін. Псыхатропнае рэчыва амфэтамін ідзе з Польшчы. Экстазі таксама. Не ўяўляеце, колькі гэта гора нясе людзям.

У Расею гераін ідзе ня гэтулькі зь Сярэдняй Азіі, колькі з Аўганістана, які зьяўляецца вытворцам 80-90% гераіну і апіятаў на сусьветным рынку наркотыкаў, зварот на якім склаў летась 400 мільярдаў даляраў.

Апіяты паступаюць у Беларусь у выглядзе сыравіны з Украіны. Гаворыць кіраўніца Пінскай праграмы па раньнім умяшаньні ў наркатызацыю насельніцтва, Надзея Аўсіевіч, кіраўніца грамадзкай арганізацыі "Калегіум":

— Асноўныя наркотыкі — апіяты. Іх вязуць з Украіны або вырошчваюць на месцы. Тут усё гэта перапрацоўваюць, дадаюць ацэтон і вараць ханку і ўжываюць яе ўнутрывенна. Сынтэтычныя наркотыкі не распаўсюджаныя з-за іхнай дарагоўлі. У Берасьці то ёсьць і экстазі і амфэтамін з Польшчы.

І Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі, і Дзярждэпартамэнт ЗША адзінадушныя ў ацэнкаў: спажываньне наркотыкаў у Беларусі штогод падвойваецца. Наркагандаль будзе расьці. Цяпер у краіне каля 100 тысяч нарказалежных. "Фармаваньне Эўразійскай эканамічнай супольнасьці, у якую ўвойдуць Беларусь, Казахстан, Кіргізія, Расея й Таджыкістан патэнцыйна можа прывесьці да стварэньня яшчэ большай зоны бязь межаў, што будзе спрыяць усім відам кантрабанды", — заключаюць спэцыялісты Дзярждэпартамэнту ЗША.

Сьвятлана КУРС, Радыё Свабода