Пахаванне Быкава стала не дзяржаўным, а народным


Валер Каліноўскі, Менск, Радыё Свабода


Пахаваньне народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава, якое было першапачаткова заплянаванае як дзяржаўнае, ператварылася ў сапраўды народнае пахаваньне пасьля таго, як ад ягонай арганізацыі адмовілася дзяржаўная камісія на чале зь міністрам культуры Леанідам Гулякам. Труну несьлі на руках — ад Дому літаратара да Ўсходніх могілак. Гэтае дзесяцітысячнае шэсьце ператварылася ў дэманстрацыю беларускім народам любові да свайго пісьменьніка і прарока, да Бацькаўшчыны.


Васіля Быкава адпяваў уніяцкі сьвятар Андрэй Абламейка, праводзілі яго ў апошні шлях таксама каталіцкія і праваслаўныя сьвятары. З Васілём Быкавым разьвіталіся дзясяткі тысяч грамадзянаў Беларусі, пісьменьніцкія дэлегацыі з Расеі, Украіны, Літвы, Польшчы, маладыя і старыя, вядомыя і звычайныя людзі, дэпутаты і прадстаўнікі апазыцыі.


Людзкая рака ішла за труной народнага пісьменьніка па праспэкце Францішка Скарыны ў Менску, спыняліся машыны, людзі несьлі безьліч кветак: руж, гвазьдзікоў, васількоў, безьліч вянкоў ад калегаў, сяброў, розных арганізацыяў, у тым ліку ад Рады БНР.


Гэта быў, бадай, адзіны выпадак, калі міліцыя не хапала людзей за бел-чырвона-белыя сьцягі, якіх былі дзясяткі. Аднак менавіта гэтыя сьцягі не дазволілі працаваць дзяржаўнай камісіі ў справе пахаваньня Васіля Быкава. Сын Быкава Сяргей накрыў цела бацькі вялікім нацыянальным сьцягам. Родныя ж, перш за ўсё жонка нябожчыка, адмовіліся ад прапанаванага дзяржаўнай камісіяй чырвона-зялёнага дзяржаўнага сьцяга.


Пасьля гэтага старшыня дзяржаўнай камісіі міністар культуры Леанід Гуляка сказаў што яму як дзяржаўнаму службоўцу нельга тут прысутнічаць. Разам зь іншымі сябрамі камісіі і вайскоўцамі ён пакінуў залю Дому літаратара на пачатку цырымоніі разьвітаньня з Быкавым. Перад гэтым салдаты паклалі да труны пісьменьніка вянок ад Аляксандра Лукашэнкі, які знаходзіўся сёньня ў Сьветлагорску.


Пасьля сыходу Леаніда Гулякі адказнасьць за арганізацыю пахаваньня ўзяў на сябе грамадзкі камітэт на чале са старшынём Саюзу пісьменнікаў Алесем Пашкевічам. Усе ў Доме літаратара з палёгкай уздыхнулі, калі скончыліся канфрантацыйныя перамовы зь дзяржаўнымі прадстаўнікамі.


Алесь Пашкевіч вёў грамадзянскую паніхіду на пахаваньні Васіля Быкава:


— Ён стаў клясыкам пры жыцьці, зьведаў і славу і беспрэцэдэнтнае цкаваньне і ганьбаваньне. Але да сваёй славы, шматлікіх заслужаных узнагарод ён ставіўся спакойна. На брудныя наскокі ён намагаўся не рэагаваць, хоць усё гэта атручвала ягонае жыцьцё. Дзіўным чынам у гэтым чалавеку ўжывалася цьвёрдасьць, бескампраміснасьць у адстойваньні прынцыпаў справядлівасьці й праўды зь мяккасьцю характару, выключнай далікатнасьцю і тактам у адносінах зь людзьмі.


Алесь Пашкевіч казаў, што апошнія гады Быкаў ня мог рэалізоўваць свае творчыя пляны на радзіме і жыў за мяжой, але вярнуўся дадому, каб спачыць у роднай зямлі. Блізкі сябра Быкава Рыгор Барадулін шчыра прызнаўся, што пасьля сьмерці маці гэта найбольшая ягоная страта.


— Тры сьвятых, тры арыенціры ў маім жыцьці былі, ёсьць і будуць: Бог, мама і Васіль Быкаў. Сьветлая памяць Васілю Быкаву! Госпадзе, прымі ягоную душу!


Сакратар Нацыянальнага саюзу ўкраінскіх пісьменьнікаў Вячаслаў Мядзьведзь нагадаў, што на ўкраінскай зямлі, пад Кіраваградам, дзе ваяваў Васіль Быкаў, на брацкай магіле напісанае ягонае прозьвішча:


— Для звычайнага чалавека гэта было бы трагічна, а для такога вялікага чалавека гэта, магчыма, Боскі знак. Слава Васілю Быкаву, слава Беларусі!


Паэт Генадзь Бураўкін сказаў, што Быкаў быў беларускім прарокам, якому аддае пашану ўвесь сьвет, а хавае яго беларускі народ — тыя, хто не на загад, а сэрцам пакліканы сюды.


Даруй, Васіль, за ўсё, што перанёс,

За ворагам нанесеныя раны,

За брудныя пляўкі з тэлеэкрану,

За сьлёзы ўшацкіх сьсечаных бяроз.

Даруй, што ўсе свае зямныя дні

Ты азіраўся з горыччу міжволі

На памяці закінутае поле

І спадзяваньня спаленыя пні.

Даруй за наш нялітасьцівы час,

За ціхае кананьне роднай мовы,

За ўдзячнасьці запозьненыя словы.


Сакратар Саюзу пісьменікаў Масквы сябар Быкава Валянцін Аскоцкі заявіў, што талент Васіля Быкава сілкаваўся зь беларускіх каранёў, але выйшаў на сусьветны ўзровень.


— Васіль Быкаў быў сумленьнем Беларусі, але адначасова ён быў і сумленьнем Расеі. Ён быў сумленьнем усіх людзей, без адрозьненьня нацыяў, якія ідуць да ідэалаў гуманізму, дабра, чалавечнасьці, веры ў чалавека.


Валянцін Тарас назваў Васіля Быкава “прэзыдэнтам вялікай беларускай літаратуры, якую ён сьцьвердзіў як ніхто іншы”.


Са шчымлівымі словамі пра Васіля Быкава выступіў старшыня Нямецкага фонду “Прымірэньне” Крыстафэр Хойднэр:


—У гэтую гадзіну шмат людзей у Нямеччыне, Францыі, іншых эўрапейскіх краінах зь любоўю і пачуцьцём думаюць пра Васіля Быкава. І асабліва ў Нямеччыне, бо Васіль Быкаў адкрыў немцам тое, што яны нарабілі ў Беларусі падчас вялікай айчынай вайны. Ён пісаў праўду, але так, што заставаўся адкрытым чалавекам, ён працягваў чытачам руку.


Дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода, сябар сям’і Быкавых Аляксандар Лукашук пачаў сваю прамову словамі “Анёл зьявіўся ў Беларусі”.


— Цяпер вялікая душа Васіля Быкава разьвітваецца з тымі, хто любіў яго ў Амэрыцы, Эўропе… Вацлаў Гавэл напісаў, што гонар для Чэхіі — прыезд туды Васіля Быкава. Мы мелі шчасьце зь ім і ягонай жонкай Ірынай Міхайлаўнай шмат гуляць па вуліцах і парках Прагі й гаварыць. Але ягонай галоўнай любоўю была Беларусь, нават у бальніцы, на шпітальным ложку ён прасіў прынесьці яму радыё, каб слухаць пра тое, што адбываецца тут.


Прысутныя ў залі і тыя, хто слухаў жалобныя прамовы на вуліцы, былі ўсьцешаныя пачуць слова самога Васіля Быкава пра адказнасьць пісьменьніка, якія прагучалі ў запісе з архіву Радыё Свабода. “Ісьціна за намі”, — казаў тады Васіль Быкаў.