Чигиря перепутали с Корейко


Белорусская Фемида, видимо, считает, что у Михаила Чигиря где-то припрятаны нажитые нечестным путем миллионы, как у известного персонажа "Золотого теленка". А потому — пускай отдаст миллиончик.


Фрунзенскі суд Менску вырашыў спагнаць з экс-прэм’ера Міхаіла Чыгіра больш за 2 мільярды беларускіх рублёў (1 мільён даляраў) на карысьць “Белаграпрамбанку”, які ён узначальваў восем гадоў таму.


7 лютага судзьдзя Натальля Варэнік з Фрунзенскага суду Менску другі раз вырашала лёс Міхаіла Чыгіра. Летась яна разглядала крымінальную справу былога прэм’ера і прызнала яго вінаватым у службовай нядбайнасьці, у выніку якой “Белаграпрамбанк” страціў 1 мільён 40 тысяч даляраў. 7 лютага яна ж задаволіла пазоў банку, які быў выстаўлены на падставе яе леташняга рашэньня.


На пачатку працэсу Міхаіл Чыгір хадайнічаў, каб справу разглядалі не ў Фрунзенскім судзе, а ў судзе Менскага раёну, на тэрыторыі якога ён пражывае, але гэтая просьба не была задаволеная. І тады ў суд экс-прэм’ер вырашыў не вяртацца: “Справа ў тым, што знайшлі для мяне быццам сямейнага судзьдзю — гэта судзьдзя Варэнік, якая разглядае ўсе мае справы . А вядома, што ёсьць загад зьверху і ён выконваецца”.


Далей ягоныя інтарэсы прадстаўляла жонка Юлія Чыгір. Перадусім яна заявіла, што яе муж невінаваты. Але нават калі і пагадзіцца з тым, што ў выніку ягонай нядбайнасьці “Белаграпрамбанк” страціў 1 мільён 40 тысяч даляраў, то час вылучэньня супраць яго грашовых прэтэнзіяў скончыўся, — даводзіла Юлія Чыгір. Прадстаўнік банку на гэта прад’явіў свае разьлікі, паводле якіх час адказнасьці экс-прэм’ера нібыта яшчэ ня скончыўся.


Судзьдзя Натальля Варэнік выслухала гэтыя і іншыя аргумэнты бакоў і ўжо празь дзьве гадзіны зачытала сваё рашэньне. Паводле яго, пазоў банку да Міхаіла Чыгіра задаволены цалкам, толькі што даляры пераведзеныя ў беларускія рублі. У выніку зь Міхаіла Чыгіра вырашана спаганаць 2 мільярды 35 мільёнаў беларускіх рублёў.


Нагадаем, гэта ўжо трэці судовы працэс, праз які прайшоў былы прэм’ер. Грашовае спагнаньне далучылася да ўмоўнага пакараньня абмежаваньнем волі на тры гады і забароны займаць кіраўнічыя пасады цягам пяці гадоў. Сюды трэба дадаць сем гадоў турмы малодшаму сыну Міхаіла Чыгіра Аляксандру і два ўмоўныя гады зьняволеньня жонцы Юліі.


“Вось чаго мне каштавала тое, што ў 1996 годзе я пайшоў у адстаўку, не пагадзіўшыся з палітыкай Аляксандра Лукашэнкі, а потым далучыўся да апазыцыі”, — заявіў радыё Міхаіл Чыгір.


Прадстаўнік “Белаграпрамбанку” адмовіўся камэнтаваць рашэньне суду. Ён толькі пацьвердзіў, што гэткім рашэньнем задаволены.


Алег ГРУЗЬДЗІЛОВІЧ, Радыё Свабода