Рыгор Кастусёў. ЛІНІЯ ФРОНТУ. Наша галоўная каштоўнасць — незалежнасць

Бо калі не стане незалежнай Беларусі, то знікне неабходнасць і ў кандыдатах на пасаду прэзідэнта...


Рыгор Кастусёў. Намеснік старшыні Партыі БНФ, экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010. Нарадзіўся ў 1957 годзе ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёна. У 1982 годзе скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спэцыяльнасці інжынер-механік. Служыў у Савецкай арміі, працаваў галоўным інжынерам, дырэктарам саўгаса, дырэктарам Шклоўскага раённага аб'яднання жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У 2001 годзе вымушаны быў сысці з пасады пад ціскам уладаў з-за працы ў камандах кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў. Быў дырэктарам сумеснага беларуска-ўкраінскага прадпрыемства. Тройчы абіраўся дэпутатам мясцовых саветаў. Аўтар праграмы развіцця і рэфармавання жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь на 2010-2015 гады, прапанаванай Партыяй БНФ.

Ужо меней трох месяцаў застаецца да асноўнага дня галасавання ў прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 2015 года. І што меней часу застаецца, то ўсё трывожней становіцца на душы за лёс нашай краіны.

А падставы ёсць, бо сёлета, як ніколі раней, існуе рэальная пагроза прызнання выбараў і легітымізацыі Аляксандра Лукашэнкі на пасадзе прэзідэнта ў вачах Захаду, што можа канчаткова прывесці да незваротных працэсаў па здачы незалежнасці Беларусі.

У той жа час, як ніколі раней, пачынаючы з 1994 году, ў апазіцыйным асяродку склалася сітуацыі нявызначанасці ў плане выпрацоўкі агульных падыходаў па адстойванню нацыянальных інтарэсаў Беларусі і інтарэсаў беларускага народу, нявызначанасці ў плане бачання перспектываў развіцця краіны.

Менавіта адсутнасць агульных падыходаў у дадзеных пытаннях з’явілася асноўнай прычынай, што на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года ад апазіцыі не было абрана адзінага кандыдата ў прэзідэнты. А памкненні некаторых кандыдатаў на пасаду прэзідэнта Беларусі спадабацца кіраўніцтву ўсходняй краіны-суседкі нават палохалі прадстаўнікоў нацыянальна-патрыятычных сілаў.

У знешнепалітычных праграмах гэтых кандыдатаў, у іх выступах перад прадстаўнікамі кіраўніцтва ўсходняй краіны ў 2010 годзе адзначалася вялікая мэтазгоднасць продажу беларускіх прадпрыемстваў расійскім кампаніям.

“Российский капитал должен покупать тут (у Беларусі. — аўт.) то, что и так по сути, зависит от России. И что, по большому счёту, кроме России, никому не нужно”, — гучала ў гэтых выступах.

А словы аб прыходзе на Беларусь “імпульсаў дэмакратыі з Крамля” з часам сталі “крылатымі”.

Праз пяць год нават падзеі ў нашай паўднёвай краіне-суседцы станоўча не паспрыялі дэмакратычным сілам у пошуку агульнага бачання развіцця Беларусі і вызначэнні адзінага кандыдата. Як паказаў час, разнагалоссі прэтэндэнтаў у кандыдаты яшчэ болей узраслі.

Аказалася, словы аб неабходнасці вырашэння пытання па абранню адзінага кандыдата ад апазіцыйных сілаў на прэзідэнцкія выбары-2015 з вуснаў некаторых з іх гучалі толькі дзеля самапіяру, і не болей.

І яшчэ зусім прыкра і непрыемна слухаць і чытаць, калі дзеля піяру пад выглядам “маральнасці” выкарыстоўваецца імя кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 года Міколы Статкевіча, які да гэтага часу знаходзіцца за кратамі.

Нажаль, да гэтай свары падключыліся і шэраг кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі розных гадоў і стагоддзяў, іншыя палітыкі, эксперты. Дайшло нават да абразлівых словаў пра “псеўдаапазіцыйную шантрапу” і т.п. у адрас удзельнікаў выбарчай кампаніі.

Самае страшнае, што “змагаючыся” між сабой, беларускія палітыкі, прэтэндэнты ў кандыдаты сталі забываць галоўную мэту свайго змагання — нацыянальныя інтарэсы Беларусі, інтарэсы беларускага народу. Яны забыліся пра тое, што пасля 2015 года Беларусь можа страціць сваю галоўную каштоўнасць — НЕЗАЛЕЖНАСЦЬ.

У любы момант, пад любой нагодай Расія можа ўвесці дадатковы вайсковы кантынгент на тэрыторыю Беларусі, як адну з краін-удзельніц АДКБ.

Не магчыма не заўважаць і таго, як у апошні час адбываецца актывізацыя прарасіскай пятай калоны. Прадстаўнікі прарасійскіх арганізацый ужо не хаваючыся “брацаюць” зброяй пакуль што ў беларускіх лясах, рыхтуючыся да больш радыкальных дзеянняў.

Паралельна са стварэннем вайсковай арганізацыі, наша краіна ўцягнута і ў эканамічны блок, што ўжо прывяло да частковай страты незалежнасці. Стварэнне Еўразійскага эканамічнага саюзу расійскім бокам разглядаецца не інакш, як чарговы крок да больш шчыльнай інтэграцыі краін-удзельніц, са стварэннем у далейшым палітычнай надбудовы з цэнтрам у Маскве.

Праз свой адкрыты ліст  да Таццяны Караткевіч я імкнуўся яшчэ раз нагадаць усім пра некаторыя ўжо існуючыя і патэнцыйныя пагрозы гэтым інтарэсам — аб прысутнасці расійскіх вайсковых базаў на тэрыторыі Беларусі, планах па іх пашырэнні, размяшчэнні расійскіх бамбардзіроўшчыкаў у Беларусі і пагрозах, што нясуць гэтыя бамбардзіроўшчыкі.

Пагрозы не толькі праз мэты іх выкарыстання, калі яны, нацэленыя на краіны Еўропы, нясуць пад сваімі крыламі ядзерныя бомбы, а нават праз іх размяшчэнне на нашай тэрыторыі.

Бо толькі на працягу аднаго месяца ў Расіі разбіліся шэсць вайсковых самалётаў. 14 ліпеня пацярпеў крушэнне ў Хабараўскім краі стратэгічны бамбардзіроўшчук Ту-95МС, які ў свой час прымаў удзел у вайсковых вучэннях на тэрыторыі Беларусі і бамбіў макеты аб'ектаў Польшы і Літвы на беларускіх палігонах, 6 ліпеня у гэтым жа рэгіёне разбіўся франтавы бамбардзіроўшчык Су-24М, на тры дні раней — знішчальнік МіГ-29 у Краснадарскім краі, яшчэ раней згарэў стратэгічны ракетаносец Ту-95 у Прыамур’і, пацярпеў аварыю франтавы бамбардзіроўшчык Су-34 у Варонежскай вобласці, у пачатку чэрвеня на палігоне Ашулук разбіўся знішчальнік МіГ-29.

Так склалася, што ўсе самалёты падалі ў бязлюдных месцах і не прынеслі вялікіх разбурэнняў і ахвяр. У Беларусі падобныя аварыі самалётаў, дзе шчыльнасць пасяленняў у дзесяткі разоў вышэй за Расію, могуць прынесці вялізныя страты. І нават страшна падумаць, калі пацерпіць аварыю самалёт з бомбамі на борце.

Прыйшоў час, нарэшце, усім прэтэндэнтам у кандыдаты, кандыдатам усіх выбарчых кампаній, палітыкам скіраваць свае высілкі на абарону нашай галоўнай каштоўнасці — абарону нашай Бацькаўшчыны, абарону інтарэсаў беларускага народу. Бо калі не стане незалежнай Беларусі, то знікне неабходнасць і ў кандыдатах на пасаду прэзідэнта.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.