Рыгор Кастусёў. ЛІНІЯ ФРОНТУ. Адкрыты ліст да Таццяны Караткевіч

Кожны год у Беларусі праходзяць сумесныя вайсковыя вучэнні беларускіх і расійскіх вайскоўцаў. Роля беларускіх вайскоўцаў на гэтых вучэннях зведзена да падносчыкаў снарадаў.


Рыгор Кастусёў. Намеснік старшыні Партыі БНФ, экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010. Нарадзіўся ў 1957 годзе ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёна. У 1982 годзе скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спэцыяльнасці інжынер-механік. Служыў у Савецкай арміі, працаваў галоўным інжынерам, дырэктарам саўгаса, дырэктарам Шклоўскага раённага аб'яднання жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У 2001 годзе вымушаны быў сысці з пасады пад ціскам уладаў з-за працы ў камандах кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў. Быў дырэктарам сумеснага беларуска-ўкраінскага прадпрыемства. Тройчы абіраўся дэпутатам мясцовых саветаў. Аўтар праграмы развіцця і рэфармавання жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь на 2010-2015 гады, прапанаванай Партыяй БНФ.

Паважаная Таццяна!

Звярнуцца да Вас мяне падштурхнула не вельмі заўважная падзея, якая можа прадвызначыць наш лёс і лёс нашых нашчадкаў. А адбылося вось што.

У адказ на абарончыя дзеянні краінаў НАТА ад узрастаючай агрэсіўнасці расійскіх імперыалістаў каардынатар упраўлення генеральных інспектараў Мінабароны РФ генерал арміі Юры Якубаў заявіў 15 чэрвеня 2015 года:

«Ракетная бригада в Калининградской области будет ускоренными темпами перевооружаться на новые оперативно-тактические ракетные комплексы «Искандер», претерпит значительные изменения российская общевойсковая группировка в Белоруссии, и так далее».

Прапагандысты кіраўніка Беларусі цэлы тыдзень асэнсоўвалі гэтую заяву і нарэшце 22 чэрвеня прапагандыст з АНТ Міхальчанка зазначыў, што не заўважыў у Беларусі ніякай расійскай вайсковай групоўкі.

Але ж гэта ня так. Кожны год у Беларусі праходзяць сумесныя вайсковыя вучэнні беларускіх і расійскіх вайскоўцаў. І ў гэты час у нашай краіне і ўтвараецца расійскае ўдарнае вайсковае злучэнне. Прычым роля беларускіх вайскоўцаў на гэтых вучэннях зведзена да падносчыкаў снарадаў і дазапраўкі расійскіх самалётаў. А вось расійцы ў пагонах наносяць удары па аб’ектах Польшчы, Літвы, іншых краінах Прыбалтыкі.

Пакуль гэтыя аб’екты ўмоўна знаходзяцца на палігонах нашай краіны ды на мапах генералаў Расіі. Але ж жыццё паказала, што расійцаў амаль нічога і ніхто пакуль ня можа спыніць і яны ў любы момант, могуць напасці на Польшчу і краіны Прыбалтыкі, як напалі на Украіну, захапілі Крым і Данбас.

Жахлівасць сітуацыі патэнцыйнай агрэсыі ў тым, што на нашай зямлі расійцы трэніруюцца атакаваць еўрапейскія краіны з дапамогаю ракетаносцаў, якія нясуць пад крыламі ракеты з атамным начыннем. Ня раз у Мачулішчах пад Мінскам сядалі самалёты Ту-195М, Ту-160, а потым бамбілі макеты еўрапейскіх аб’ектаў на беларускіх палігонах. Пакуль металічнымі балванкамі. Але ж кожны такі самалёт нясе пад крыламі дзесяткі ракетаў, якія могуць праляцець некалькі тысячаў кіламетраў і нанесці удар па любым горадзе Еўропы.

У сваёй прамове па БТ падчас выбараў 2010 года я казаў пра такую небяспеку. Пасля таго праблема выжывання для еўрапейцаў і беларусаў значна абвастрылася. Пуцін адкрыта стаў пагражаць свету ядзернымі ўдарамі. Існуе пагроза і таго, што некаторыя з 40 новых балістычных ракетаў расійсцы размесцяць і на нашай зямлі. Беларусь можа стаць аб’ектам удара ў адказ на расійскую агрэсію, калі «общевойсковая группировка из России» пачне вайну супраць еўрапейскіх краінаў. І тады на нашыя галовы абрынецца тысяча Чарнобыляў.

Мы з Вамі ў «Народным рэферэндуме» звярнуліся да грамадзянаў Беларусі з пытаннем аб выдаленні расійскіх вайсковых базаў з нашай краіны. Тысячы людзей падтрымалі нас у гэтым пытанні. Лічу, што падчас выбарчай кампаніі Вы ў якасці кандыдата ў прэзыдэнты зноў данясеце да беларусаў актуальнасть пагрозы для нас і нашых нашчадкаў ад расійскіх вайсковых груповак.

Таксама лічу, што нам разам трэба дамагацца забароны палётаў у нашым небе расійскіх ракетаносцаў з ядзернай зброяй, а тым больш іхняга ўдзелу ў вайсковых вучэннях.

Лічыце гэты ліст своеасаблівай перадачай эстафеты ад маёй выбарчай кампаніі да Вашай.

Разам мы зможам і пераможам!



Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.