Юрась Губарэвіч. НАРОДНЫ РЭФЕРЭНДУМ. Кансалідацыя — спосаб, а не шыльдавая самамэта

Ініцыятыва “Народны рэферэндум” пакрысе пашырае геаграфію. І на палітычным полі, і на электаральным…

 

Юрась Губарэвіч. Нарадзіўся 23 лютага, на свята савецкага войска. Але не служыў, бо лепшыя прызыўныя гады прысвяціў вучобе і дэпутацкай дзейнасці. Пасля атрымання адукацыі інжынера-электрыка працягнуў вучобу ў Акадэміі дзяржаўнага кіравання пры Прэзідэнце… Украіны. Ужо з дыпломам магістра дзяржаўнага кіравання выйграў выбары ў Белаазёрскі гарсавет, стаўшы амаль на год намеснікам старшыні і кіраўніком дэпутацкай большасці. Працаваў у шэрагу камерцыйных установаў, звязаных з гандлем, выдавецкай і рэкламнай дзейнасцю. У Партыі БНФ ад 1996 году: прайшоў “кар’ерны шлях” ад шараговага сябра да намесніка старшыні. Сёння — першы намеснік старшыні руху “За Свабоду”.

Ініцыятыва “Народны рэферэндум” пакрысе пашырае геаграфію. І на палітычным полі, і на электаральным.

Да руху “За Свабоду”, кампаніі “Гавары праўду” і Партыі БНФ далучылася Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада). Ідуць перамовы з шэрагам іншых палітычных сіл.

Кансалідацыя падвышае шанцы на поспех. Калі, натуральна, кансалідацыя — спосаб, а не шыльдавая самамэта.

Але самае галоўнае — мы, як і абяцалі, пайшлі ў народ. Белаазёрск, Брэст, Слуцк, Магілёў, Смаргонь… Гэта толькі пачатак.

Напаўняем пытаннямі ад народа парадак дня рэферэндума. Акрэсліваем хвалюючыя праблемы. Занатоўваем прапановы.

Збольшага слухаем, а не гаворым! Ды знаходзім агульную мову.

Але народ хоча не проста выказацца, хаця нават гэта права ў яго адабралі. Людзі хочуць, каб іхняя пазіцыя, слова, волевыяўленне нешта значылі.

Разам з тым рэферэндум як інструмент ажыццяўлення пераменаў бесперспектыўны без грамадскай падтрымкі на карысць альтэрнатывы.

Адмысловая крытычная маса падтрымкі — перадумова таго, што рэферэндум пройдзе не па-ярмошынску: то бок, пад народным кантролем за выбарчымі камісіямі, з празрыстым падлікам галасоў.

Значную ролю ў такім выпадку можа выканаць кампанія назірання “За справядлівыя выбары”, ініцыяваная рухам “За Свабоду” яшчэ ў 2008 годзе. Кампанія ладзілася высілкамі многіх грамадскіх і палітычных сілаў цягам ужо некалькіх выбараў.

Мэтай кампаніі назірання было змяніць стаўленне грамадства да таго, што вырабляе з выбарамі ўлада, і мабілізаваць неабыякавых у справе абароны сваіх выбарчых правоў.

Але, па сутнасці, кампанія назірання дагэтуль зводзілася да простай фіксацыі фальсіфікацый і парушэнняў. У межах жа ініцыятывы “Народны рэферэндум” яна можа быць зарыентавана на грамадска-палітычны вынік — адкрытую, актыўную падтрымку пераменаў, якія будуць зрэалізаваны праз народнае волевыяўленне.

Гэтак будзе, калі своеасаблівая Плошча паўстане на кожным выбарчым участку.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.