Віталь Каратыш. ПЕРСПЕКТЫВЫ. Якім можа быць пераход да дэмакратыі?

Захаванне слабой і раздробненай апазіцыі можа прывесці да інкарпарацыі Беларусі ў склад Расіі...

 

Віталь Каратыш. Эканаміст, прадпрымальнік, 28 гадоў, беспартыйны.
Нарадзіўся і жыве ў вёсцы Кажан-Гарадок на Лунінеччыне.
У 2002 г. працаваў эканамістам у калгасе "Перамога", в. Лахва.
2002-2006 г. — дырэктар Дрэбскага сельскага Дома культуры.
2006-2007 г. — намеснік дырэктара будаўнічай фірмы ТАА "ЭМА Палессе".
У 2008 г. і 2012 г. балатаваўся ў Парламент.
Служыў у арміі ў 2008-2009 годзе.
Скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт па спецыяльнасці "дзяржаўнае кіраванне".
Стажыраваўся ў Чэхіі, Літве, Польшчы, Малдове.
Вывучаў еўрапейскае права, геапалітыку, рэгіянальнае развіццё.
Валодае англійскай, італьянскай, польскай мовамі
Варта заўважыць, што пераход да дэмакратыі ў дадзеным кантэксце не азначае змену ўлады і нават існуючых законаў, а выключна змену вектара і накірунка развіцця існуючай палітычнай сістэмы ў Беларусі.

Групы, залучаныя ў працэс дэмакратызацыі ў Беларусі, маюць як агульныя, так і канфліктуючыя паміж сабой інтарэсы. Рэфарматары і кансерватары (якія існуюць і ў структурах улады) не згодныя адзін з адным па пытаннях адносінаў да лібералізацыі і дэмакратычных рэформ, але яны адзіныя ў імкненні не дапусціць апазіцыю да ўлады.

Памяркоўныя і радыкальныя групоўкі апазіцыі сыходзяцца ў імкненні ліквідаваць дыктатуру, але разыходзяцца ў пытанні, якім павінен быць палітычны лад дзяржавы, што прыйдзе на змену дыктатуры. Рэфарматары з урада і ўмераныя сілы апазіцыі зацікаўленыя ў зацвярджэнні дэмакратыі, але часта спрачаюцца па пытанні цаны дэмакратычных пераўтварэнняў і вызначэння той долі ўлады, якой яны хацелі б валодаць. Нарэшце, кансерватары ва ўрадзе і радыкалы ў апазіцыі падзяляюць супрацьлеглыя погляды на праблему: каму павінна належыць улада ў грамадстве, але і тая і іншая групоўкі зацікаўленыя ў аслабленні дэмакратычных сіл.

У тым выпадку, калі эліта ўлады дамінуе над апазіцыйнымі групоўкамі, пераход да дэмакратыі магчымы ў форме трансфармацыі - доўгага працэсу рэформаў зверху, з дапамогай якіх у грамадстве ствараюцца эканамічныя, сацыяльныя і, нарэшце, палітычныя перадумовы народаўладдзя. Адносіны паміж рэфарматарамі і кансерватарамі ва ўрадзе гуляюць ключавую ролю ў рамках гэтай формы пераходу. Трансфармацыя ў Беларусі магчымая толькі пры ўмове, калі рэфарматары здамінуюць над кансерватарамі ва ўрадзе, будзе мець вагу апазіцыя. У ходзе ажыццяўлення трансфармацыі умераныя апазіцыянеры, як правіла, папаўняюць урад, а кансерватыўныя яго ўдзельнікі адпраўляюцца ў адстаўку.

Калі апазіцыя мацней за ўрад, а кансерватары і рэтраграды ва ўрадзе значна мацней рэфарматараў, формай пераходу становіцца замяшчэнне - адносна кароткачасовы працэс пераходу ўлады ад дыктатарскага ўрада да дэмакратычных сіл ва ўмовах палітычнага крызісу. Для поспеху замяшчэння абавязковай умовай з'яўляецца адзінства апазіцыі, яе радыкальных і ўмераных груповак. Гэта часцяком абарочваецца барацьбой у лагеры пераможцаў пасля звяржэння дыктатарскага рэжыму. Толькі ў выпадку, калі пасля перамогі перавага сіл апынецца на баку ўмераных прыхільнікаў дэмакратыі, пераход да народаўладдзя можа лічыцца забяспечаным.

Персанальныя дыктатары рэдка добраахвотна адмаўляюцца ад улады і сыходзяць у адстаўку. Лукашэнка - не выключэнне. Паколькі прырода яго праўлення носіць ярка выражаны асабісты, а не інстытуцыянальны характар, апаненты рэжыму не дапускаюцца да ўлады нават на лакальным узроўні, падвяргаюцца рэпрэсіям, звальняюцца з працы і г.д., колькасць іх і ўплыў на палітыку нікчэмныя.

Значна больш складаным з'яўляецца пераход да дэмакратыі ад складанай палітычнай сітуацыі, якая ёсць у Беларусі. Персаналісцкі рэжым Лукашэнкі абапіраецца на канцэнтрацыю ў руках прэзідэнта ўсёй паўнаты заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады. Указы прэзідэнта маюць большую "юрыдычную сілу", чым нарматыўныя акты парламента, сфармаванага пасля 1996 года. Выканаўчая ўлада ажыццяўляецца праз падсправаздачны перад Лукашэнкам урад і сістэму "прэзідэнцкай вертыкалі". Савет Міністраў у нашай краіне з'яўляецца хутчэй гаспадарчым, чым палітычным органам, а выканаўчая улада - адміністрацыйнай пірамідай, са строгай падсправаздачнасцю ніжэйстаячых звёнаў вышэйстаячым

Афіцыйная ідэалогія рэжыма выдаецца ім за дзяржаўную ідэалогію. Праціўнікі рэжыму аб'яўляюцца ворагамі дзяржавы з усімі вынікаючымі наступствамі.

Рэжым абапіраецца на развітую сістэму палітычных інстытутаў і пануючую ідэалогію як сродак легітымізацыі ўлады. Дэмакратычным сілам тут даводзіцца вырашаць шмат праблем для таго, каб хаця б працягваць сваё існаванне.

Рашэнне гэтай праблемы можа складацца ў выкарыстанні дэмакратамі нацыянальнай ідэі і проціпастаўленні яе камуністычнаму саветызму, як чужой народу і навязанай акупантамі ідэалогіі. Але тут значнай перашкодай становіцца неадназначная знешнепалітычная сітуацыя. Пазіцыя Еўрапейскага саюза некалькі разоў змянялася – ад перамоваў з Лукашэнкам да эканамічных санкцый. Апазіцыя ў гэтай сітуацыі, і без таго слабая, была яшчэ больш выцесненая з палітычнага поля. Пазіцыя Расіі ўсё больш акрэсліваецца у жаданні далучыць Беларусь цалкам да РФ. Праз эканамічны ціск і павольнае паглынанне стратэгічных прадпрыемстваў Расія плануе рэалізаваць гэты свой палітычны план паглынання.

Пад уплывам Расеі цяперашні беларускі рэжым рана ці позна пойдзе на эканамічную лібералізацыю, якая можа праходзіць і ва ўмовах палітычнага аўтарытарызму. Такім чынам, зменіцца накіраванасць аўтарытарнага рэжыму: з кансерватыўнага ён ператворыцца ў радыкальны, арыентаваны на рынкавую мадэрнізацыю. У сваю чаргу, лібералізацыя непазбежна пацягне за сабой негатыўныя сацыяльныя наступствы, якія пакуль што атрымоўваецца мінімізаваць: зачыніцца шэраг неэфектыўных прадпрыемстваў, вырасце беспрацоўе, рэзка падаражэюць камунальныя паслугі і г.д. Следствам гэтага могуць стаць стыхійныя выступы і забастоўкі на беларускіх прадпрыемствах. Калі да гэтага часу ў краіне сфармуюцца ўплывовыя эканамічныя і палітычныя групы інтарэсаў прарасійскай арыентацыі, яны могуць узяць на сябе кіраўніцтва стыхійнымі пратэстамі насельніцтва пры актыўнай інфармацыйнай і фінансавай дапамозе звонку. Адхіленне Лукашэнкі ад улады стане справай тэхнікі.

Як вядома, форма пераходу залежыць ад суадносін сілаў паміж уладай і апазіцыяй у грамадстве, кансерватарамі і рэфарматарамі ў структурах улады, памяркоўнымі і радыкаламі ў структурах апазіцыі, а таксама ад уплыву палітычнага рэжыму. Розныя спалучэнні гэтых умоў даюць нам тры формы пераходу: трансфармацыю, замяшчэнне і змешаную форму. Разгледзім верагоднасць іх праявы ў цяперашняй сацыяльна-эканамічнай і палітычнай сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь.

Трансфармацыя без актыўнага ўдзелу арганізаваных сіл беларускага грамадства ў яе рэалізацыі, захаванне слабой і раздробненай апазіцыі можа прывесці да інкарпарацыі Беларусі ў склад Расіі пад лозунгам аказання дапамогі брацкаму беларускаму народу, нібыта змучанаму дыктатарскім праўленнем. На справе гэта будзе панаваннем новага аўтарытарнага рэжыму ў рамках расійскай метраполіі. У выпадку, калі пратэстныя настроі насельніцтва атрымаецца ўзначаліць больш моцным дэмакратычным сілам, трансфармацыя беларускага рэжыму перарасце ў замяшчэнне.

Цалкам відавочным з'яўляецца тое, што шлях Беларусі да дэмакратыі магчымы толькі ў выпадку захавання дзяржаўнай незалежнасці. Таму задачы барацьбы за дзяржаўны суверэнітэт маюць прыярытэтнае значэнне ў параўнанні з іншымі задачамі, якія стаяць перад дэмакратычнымі сіламі краіны на сучасным этапе. Працэс пераходу да дэмакратыі, тым не менш, хутчэй за ўсё, пачнецца з трансфармацыі пад уплывам вонкавага фактару. Дадзены працэс, у сілу спецыфікі беларускай сітуацыі, прывядзе не да дэмакратыі, а да эканамічнай лібералізацыі і змены формы аўтарытарнага рэжыму, узрастанні пагрозы страты Беларуссю дзяржаўнай незалежнасці.

Такім чынам, пры наяўнасці шырокай кансалідацыі сілаў апазіцыі і канфлікту ўнутры вертыкалі улады, пры павелічэнні эканамічнага крызісу ў Беларусі і ўзнікненні відавочнай неабходнасці рэфармавання эканомікі, пры пэўным аслабленні пазіцый Расіі і ўзнікненні неабходнасцт дыялога з Еўропай, пры з’яўленні ярка выражаных пратэстных настрояў у грамадстве можа стварыцца сітуацыя, калі рэжым будзе вымушаны дапусціць хаця б часткова дэмакратычныя выбары, і свежая палітычная сіла зойме ўплывовыя пазіцыі ў краіне.

Гэта таксама яшчэ не адзначае пераход да дэмакратыі, але можа стаць першым крокам да незваротных пераменаў. Важную ролю на гэтым этапе павінны адыграць СМІ. Свабодная прэса інфармуе грамадскасць, забяспечвае падсправаздачнасць урада і прадугледжвае форум для абмеркавання пытанняў, якія маюць мясцовае або агульнанацыянальнае значэнне. Не меней важная роля недзяржаўных арганізацый – калі грамадства будзе скансалідаванае, альбо групы грамадзян змогуць арганізавацца нават у нефармальныя аб’яднанні, каб разам адстойваць свае правы.

Толькі ў выпадку пераўтварэння трансфармацыі ў замяшчэнне ўзнікаюць шанцы для сапраўднай дэмакратызацыі - дапаўненні эканамічных рэформаў радыкальным пераўтварэннем палітычнай сістэмы. Зыходзячы з гэтага, можна зрабіць выснову, што любая стратэгія апазіцыі, якая прэтэндуе на эфектыўнасць, павінна прадугледжваць дасягненне адзінства дэмакратычных сіл. А іх лідэрам заўсёды трэба памятаць, што мастацтва палітыкі заключаецца ва ўменні заключаць пагадненні і дасягаць кампрамісы.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.