Аляксандр Мілінкевіч. ДЗЕНЬ ВОЛІ. Плебісцыт у імя Беларусі
БНР – не проста сімвал, а альтэрнатыва РБ…
![]() |
|
Аляксандр Мілінкевіч. Старшыня Руху “”. Нарадзіўся ў 1947 годзе ў Гродне. Кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт. Намеснік старшыні Гродзенскага гарвыканкаму (1990-1996). Кандытат у прэзідэнты ад аб’яднаных дэмакратычных сілаў у 2006 годзе. Лаўрэат прэміі Еўрапейскага парламенту імя Андрэя Сахарава “За свабоду думкі”. |
Cвяткаванне Дня Волі – гэта публічны агульнанацыянальны ўрок гісторыі, плебісцыт беларусаў на вернасць памяці продкаў, найвышэйшая праява сілы беларускага духу і прагі да свабоды.
Любая форма адзначэння гэтага Свята – годная і патрэбная.
Але толькі ў супольным парыве, талакой, беларусы патрапляюць рабіць больш і найлепш, дасягаць амаль немагчымага.
Асабліва важным ёсць шанаванне нашага Свята сёння - у варунках дыктатуры і дзяржаўнага пераследу беларусаў-патрыётаў.
Святкаваць Дзень Волі –
• гэта віншаваць блізкіх і сяброў;
• гэта аздобіць нацыянальнымі сімваламі дом, машыну, вопратку;
• гэта ўшанаваць памяць герояў Беларусі;
• гэта праявіць салідарнасць з сённяшнімі змагарамі, асабліва з тымі, хто, як Зміцер Дашкевіч, Сяргей Каваленка, Мікола Статкевіч, Андрэй Саннікаў, Павел Севярынец ды іншыя палітвязні, несправядліва кінуты за краты турмаў;
• гэта ладзіць адмысловыя выставы, чытанні і канферэнцыі;
• гэта сабрацца за святочнай бяседай;
• гэта размаўляць на мове продкаў і пісаць дыктоўкі па неўміручых тэкстах;
• гэта збірацца на мітынгі і ісці шэсцямі па вуліцах гарадоў, мястэчак ды вёсак.
Ідэалы Беларускай Народнай Рэспублікі – вельмі актуальныя для нас сёння і будуць такімі надалей. Нам след будаваць сапраўды Беларускую і сапраўды Народную Рэспубліку, нашу краіну, дзе мы гаспадары. БНР – не проста сімвал, а альтэрнатыва РБ. Каштоўнасць незалежнасці – абсалютная для вольнага народу. Наша дзяржаўніцкая традыцыя і намаганні, зробленыя дзеля ейнага аднаўлення і захавання, - унікальныя.
Беларусь жыве і будзе жыць тады, калі яна не толькі жыве, але і дынамічна развіваецца, стварае найлепшыя ўмовы для самарэалізацыі сваіх грамадзянаў, шануе сваю мову, культуру і знаходзіць паразуменне сярод суседзяў.
Беларусы!
Згадайма, як бягуць мурашы па скуры пасля магутнага воклічу “Жыве Беларусь”!
Згадайма, як трымціць сэрца ад гонару за велічна ўзняты бел-чырвона-белы сцяг са святой “Пагоняй”!
Каму, як не нам, абараняць нашу незалежнасць, свабоду, мову і права на годнае жыццё!
Мінчукі!
Мы маем шанец выйсці ў Дзень Волі на галоўны праспект сталіцы, каб прадэманстраваць нашу пашану да гісторыі і рашучасць дзеля будучыні.
Будзьма ж разам 25 сакавіка а 13:30 на Акадэміі Навук! Хай наш сцяг лунае над галовамі і натхняе нас на лепшае.
Жыве Беларусь!




