Аксана Спрынчан. СУЧБЕЛЛІТ. ЖываЯ прэзэнтацыя, падзеленая ўзростам і Новым Годам

У мяне той век, калі старэйшыя даруюць за маладосьць, а маладзейшыя яшчэ не даруюць за старасьць. Так, вы слушна здагадаліся, — я Карова...

 

Аксана Спрынчан. Пісьменьніца. Дырэктарка Паэтычнага тэатру «Арт.С.». Нарадзілася 23.08.1973 не на моры, хоць і на поўдні — у Лунінцы Берасьцейскай вобл. Навучалася ў СШ № 28, на філфаку БДУ, у асьпірантуры Інстытута літаратуры імя Я.Купалы НАН Беларусі, у Беларускім Калегіюме, якія знаходзяцца ў месьце, што паўстала на рацэ Менка. Таму і не разьменьваюся. Працавала вядучым навуковым рэдактарам рэдакцыі літаратуры і мастацтва выдавецтва «Беларуская Энцыкляпэдыя». З 2006-га ў выдавецтве «Мастацкая літаратура», займаюся найбольш блізкай да жыцьця прафесіяй, бо ніхто не рэдагуе болей за яго. Зараз у дэкрэтным адпачынку, гадую дачку Альжбэту. Сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў (2005). А таксама сябра сваёй калекцыі жабак, якіх уважаю сымбалем Беларусі, і мару пра іх музэй у Лунінцы.
Аўтар кніг паэзіі «Вершы ад А.» (2004), «ЖываЯ» (2008), SMS-п’есКІ з антрактам-размовай праз тэлефон «Дарога і Шлях» (з філёзафам Алесем Анціпенкам, 2006), «беларускай энцыкляпэдыі пачуцьцяў» «Хата для Моўчы» (2007). Спэцыяльны прыз журы пад кіраўніцтвам Палада Бюль Бюль Аглы міжнароднай прэміі «Садружнасць дэбютаў» «За філязофскую лірыку» (2008).
Жыву паміж Лунінцам і Лысай Гарою, якая для мяне вышэйшая за Парнас. ЗакаханаЯ.

У мяне той век, калі старэйшыя даруюць за маладосьць, а маладзейшыя яшчэ не даруюць за старасьць. Так, вы слушна здагадаліся, — я Карова, у якой ёсьць Бык Яраш Малішэўскі і дачушка Альжбэта Малішэўская-Спрынчан. Дачушка нарадзілася Сьвіньнёй, але гэта выбрыкі ўсходняга календара. А я хачу выказаць меркаваньне наконт беларускай прэзэнтацыі. Меркаваньне, як ні выбрыквайся, будзе мэркантыльным, бо яно датычыцца прэзэнтацыі маёй кнігі «ЖываЯ». Адно, што можна паспрабаваць, каб яно было жывым, як і кніга.

Прэзэнтацыя ў 2-х частках — сьнежаньскай і студзеньскай. Прэзэнтацыя, падзеленая Новым годам. Прэзэнтацыя, падзеленая пляцоўкамі — бібліятэкай Цёткі і музэем Багдановіча. І прэзэнтацыя, падзеленая ўзростам — на сьнежаньскай частцы ўсе старэйшыя за мяне, на студзеньскай — усе маладзейшыя за мяне.

Як толькі пачала зь’яўляцца рэкляма, распачалася завея дакораў і шкадаваньняў: ну навошта табе дзьве часткі — гэта ж столькі намаганьняў, часу… (Беларусы — яны ж добрыя, заўжды пашкадуюць.) «А чаму б і не», — адказвала я. Мне цікава, я люблю тое, чаго не было раней, я ў тым веку, калі гэта будзе яшчэ гарманічна. Ну не ў 90 ж гадоў мне праводзіць такую прэзэнтацыю! І наагул, як дырэктарка Паэтычнага тэатра «Арт.С» я магу скарыстацца службовым становішчам. І скарысталася.

І прэзэнтацыя ў 2-х частках атрымалася цэласнай, прынамсі для Гаспадыні Лысай Гары, якой я і ёсьць і якая і старэйшых, і маладзейшых творцаў запрашала на ейную вяршыню, што для мяне вышэйшая за Парнас. Лысая Гара — калі хто ня ведае — гэта ня тая, што найвышэйшая ў Беларусі (каля Койданава), а тая, што найзнакаміцейшая і найтворчая, пра якую быў напісаны «Сказ пра Лысую Гару» і каля якой знаходзіцца Заслаўе. Дарэчы, амаль усе выступоўцы былі палучаныя тым, што былі са мною на гэтай Гары, а некалькіх з маладзейшых, што не былі, я вельмі б хацела там пабачыць.

А пакуль я пабачыла (і ў гэтым, магчыма, нічога, дзіўнага), што частка са старэйшымі атрымалася больш філязофская, а частка з маладзейшымі — больш вясёлая. Напачатку падумалася, што гэта толькі ўзрост выступоўцаў так дзейнічае. А пасьля ўцяміла, што я і сама скіравала сваёй праграмай сьнежаньскую частку да філязофіі (бо нездарма якраз перад выйсьцем кнігі атрымала міжнародную прэмію конкурсу «Садружнасьць дэбютаў» «За філязофскую лірыку»), а ў студзеньскай частцы мне захацелася болей пасваволіць і павесяліцца.

Таму, відаць, у першай частцы ўсе творцы-выступоўцы былі строга прымеркаваныя да 11 разьдзелаў (гэтулькі разьдзелаў у кнізе), і ня толькі да разьдзелаў, але і да знакаў прыпынку, безь якіх гэтых разьдзелаў не было б. А ў другой частцы хоць і існавала тых самых 11 разьдзелаў, але кожны творца быў своеасаблівым паленцам, якое я падкідвала ў вогнішча прэзентацыі. І тут ужо хто як да гэтага паставіўся — хтосьці хацеў гарэць, а нехта і не, хтосьці зь цяжкасьцю загараўся, а нехта не жадаў затухаць. У частцы 2009 году з распальваньнем вогнішча мне дапамагаў унук Францішка Ведзьмака Лысагорскага (Зьміцер Арцюх), бо ўсё ж такі ўзрост даецца ў знакі, ня тое што ў 2008 годзе, калі маладзейшаю была.

Аляксей Чубат прачытаў верш, як на маю прэзэнтацыю ехаў Абама, але не даехаў. Юлія Новік намалявала вожыка, які на сваіх калючках нясе ўсе расьліны, што згадваюцца ў кнізе, а Тацяна Будовіч — сінюю астру (маю ўлюбёную кветку), і на ейных пялёстках напісала твор з маіх радкоў. Вось тут да месца будзе пашкадаваць, што прэзэнтацыя была зімовая, бо ў такім разе і астраў жывых прынесьлі, і вожыка жывога злавілі б. Алена Масла, праўда, магла б жывую елачку прынесьці, але пашкадавала яе і шкляную набыла.

А вось Рагнед Малахоўскі не пашкадаваў і прынёс у вядры з вадою жывую рыбіну, ня ведаючы, што некалі на прэзэнтацыі часопіса «Паміж» я сама гэткую ўручала дырэктару Беларускага Калегіюму філёзафу Алесю Анціпенку, які разам з Валянцінам Акудовічам былі «Купалам і Коласам» маёй прэзэнтацыі. Дарэчы і на сьнежаньскай, і на студзеньскай частках мастакі малявалі жывыя партрэты выступоўцаў, дык вось партрэт Валянціна Акудовіча нехта скраў.

А вось песьню не скрадзеш. Асабліва песьню з наступнай гісторыяй. Мая маці пісала дыплом паводле творчасьці Мікалая Асеева, у якога ёсьць кніга «Аксана», і назвала мяне ў гонар гэтай кнігі. А ў гэтай кнізе быў верш, які мне з маленства чыталі і казалі, што ён пра мяне. І вось Мікола Кандратаў пераклаў яго, а Яраш Малішэўскі напісаў на яго песьню, што сталася апошнім клічнікам у першай частцы.

Увогуле, творцаў варта было падзяліць паводле ўзросту, каб упэўніцца, што падзяляць іх зусім не абавязкова. Але ж, галоўнае, што эксьперымент удаўся і мой улюбёны прынцып трох «Э» быў выкананы — эстэтычнасьць, энергетычнасьць і эратычнасьць.

P.S. Усе ўдзельнікі прэзэнтацыя кнігі «ЖываЯ» засталіся жывымі!

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.