Адам Глобус. PLAY.BY. Нож

Беларусы не дораць нажы. Беларус можа купіць нож, а ўзяць яго ў якасці падарунка не можа. Канешне, ён можа паквапіцца...


Адам Глобус
Адам Глобус. Літаратар, мастак і выдавец. Напісаў двадцаць аўтарскіх кніжак паэзіі і прозы, найбольш вядомыя сярод их —«Парк», «Койданава», «Толькі не гавары маёй маме» і «Дамавікамерон». Ягоныя вершы і апавяданні перакладаліся на асноўныя мовы свету і на такія экзатычныя, як асецінская ды каталонская. Сёлета ў Маскве выйшлі выбраныя творы Глобуса ў зборніку пад назваю «Лирика BY». Нягледзячы на ўсё гэта, кажа, што добрых жанчын у яго было больш, чым добрых вершаў.
Мне паспрабавалі падарыць нож. Беларусы не дораць нажы. Беларус можа купіць нож, а ўзяць яго ў якасці падарунка не можа. Канешне, ён можа паквапіцца на падарунак, спакусіцца якасцю нажа і ўзяць яго, толькі ў такім разе беларус мусіць усё адно заплаціць за нож. Хай гэта будуць сімвалічныя рублі, але яны павінны ўдзельнічаць у справе з’яўлення новага нажа.

Ты можаш сказаць мне, што ўсё гэта забабоны і цемрашальства. А я магу з табою пагадзіцца. Але ёсць традыцыі, якія прыйшлі да нас ад дзядоў і прадзедаў. Традыцыі варта паважаць. Традыцыйна беларус звяртае вялікую ўвагу на новы нож і правільна робіць. Не буду сыходзіць у абстрактныя абагульненні, а раскажу табе пра свае адносіны і гульні з нажамі.

Колькі я сябе памятаю, у мяне заўсёды былі нажы. Вучыўся я ў такой школе, куды ўсе хлопцы хадзілі з нажом у кішэні. Адны мелі самаробныя фінкі, іншыя абыходзіліся ножыкамі, набытымі ў краме. Таму я не вельмі здзівіўся, калі даведаўся, што майго былога аднакласніка — Міколу Панасюгу — зарэзалі каля чыгуначнай станцыі «Радыятарны завод». Міколу шкада, але ж я не здзівіўся, што памёр ён ад шматлікіх нажавых ранаў.

Пасля школы я насіў з сабою нажы, каб вастрыць простыя алоўкі. Вастрэнне простых алоўкаў хірургічнымі нажамі мяне супакойвала. У кожнага свой шлях у свет супакаення, у мяне ён знітаваны са скальпелем.

Акрамя скальпялёў, я накупляў сабе дарагіх нажоў, сярод якіх найлепшы зрабілі ў Іаліі і назвалі яго «Лісіца». З такой «Лісіцаю» можна на паляванне хадзіць, але я не паляўнічы, таму мая «Лісіца» адно падарожнічае. Яна была і ў Рыміні, і ў Рыме, і ў Варшаве, і ў Вільні… Дзе мы толькі з ёю ні былі!

З нажом у руцэ я раблюся іншым чалавекам. Адназначна. Нож не проста дадае мне дадатковую якасць, што зразумела, ён ператварае мяне ў іншую істоту, жорсткую і крыважэрную. Маю галаву наведваюць такія думкі, ад якіх халадзее на сэрцы. Мне хочацца зарэзаць чалавека. Падобнае пачуццё ўзнікае, калі ты стаіш на даху шматпавярховай будыніны, і невядомая сіла цягне цябе скінуцца. Так і тут, вар’яцтва захоплівае розум, і жаданне перарэзаць чалавечае горла робіцца настолькі моцным, што не ведаеш, дзе падзецца. Даводзіцца ва ўяўленні ўсаджваць вострае лязо ва ўласную нагу. Нават уяўны боль вяртае яснасць думак, тады я акуратна хаваю нож у скураныя ножны і прагна п’ю ваду. Раней я спрабаваў сваю празмерную агрэсію заліваць гарэлкаю, толькі ад гарэлкі жаданне забіць чалавека рабілася яшчэ большым, яно рабілася амаль непераадольным. Гэта адна з прычынаў, чаму я кінуў гарэлку, адна з самых важных нагодаў, каб не напівацца. А на цвярозую галаву значна лягчэй утаймоваць прагу забойства.

Ілюстрацыя да Кнігі Быцця. 1993 год

Зрэшты, я быў цалкам цвярозы, калі антыквар Шура прапанаваў набыць у яго казацкую шашку. Начорта мне тая шашка? Але ж я ўзяў яе ў правую руку і ўзважыў. І тут са мною пачало адбывацца нешта неверагоднае: я на ўласнай скуры адчуў якасны скачок чалавека вайсковага ад каменнага нажа да казацкай шашкі. Я ўзняў яе і з усёй моцы секануў паветра. Шашка апісвала дугу, а прад маімі вачыма пралятала ўся гісторыя казацтва з бунтамі, з рэвалюцыямі, са змаганнем за незалежнасць бязмежнага Казакстану пад штандарамі атамана Краснова, які маліўся д’яблу, бо не верыў, што Бог дапаможа яму ў вайне. Шашка праляцела ў якім міліметры ад маёй нагі і спынілася. Як я не адсек сам сабе нагу? Чорт яго ведае. Адно зразумела, што Шура мне больш не прапаноўваў ні шашак, ні шабляў.

Агнястрэльную зброю мне таксама ніхто не прапаноўваў, дый не люблю я яе. Да стрэльбаў, рэвальвераў і пісталетаў з аўтаматамі я раўнадушны цалкам, хіба што балістычная ракета мяне крыху хвалявала. У нашай сям’і быў чалавек — дзядзька Саньдзя, які ўзначальваў ахову такой ракеты. База мясцілася ў Казахстане. І з Казахстану гэтай ракетаю можна было зруйнаваць Пекін альбо Нью-Йорк. Такі маштаб разбурэнняў мяне хваляваў. Але хваляваў ён мяне значна меней, чым вострая дзюбка нажа над уласным кулаком. Калі я бачу свой кулак з заціснытым у ім нажом, у мяне ўсяляецца Нажавік — жорсткі бог спрадвечнай вайны. Мо таму і нельга беларусу прымаць нож у якасці падарунка? Мо таму і трэба плаціць за нож наперад? Я плачу.

Ножычак. 2007 год

І гэтым разам я заплаціў жанчыне, якая вырашыла падарыць мне нож. Я заплаціў, паклаў нож у кішэнь, і мы пайшлі на паўзабаронены мітынг.