Выбары-2010: Някляеў абяцае падтрымку і Еўропы, і Расіi

\"Я, новы прэзідэнт Уладзімір Някляеў, адмяню страх. Кожны будзе вольны казаць тое, у чым перакананы...\"

 

Кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў заявіў у эфіры Беларускага радыё, што яго гатовы падтрымаць "і Еўропа, і Расія".

Владимир НекляевВыступленне Някляева раніцай 23 лістапада (доўжылася 24 з адведзеных 30 хвілін) было напоўнена рэзкімі ацэнкамі і маляўнічымі вобразамі, а сам ён казаў пра сябе пераважна ў трэцяй асобе.

"Я той самы Уладзімір Някляеў, і іншага Уладзіміра Някляева ў Беларусі няма. Але я ўжо даўно займаюся не песнямі, не паэзіяй, а палітыкай, бо паэзія наша жыццё можа ўпрыгожыць, але не змяніць. А я хачу яго змяніць, палепшыць і ведаю — як. І калі нехта вам будзе казаць, што паэт Уладзімір Някляеў мала што разумее ў палітыцы і не можа быць прэзідэнтам — не верце, бо я ўжо даказаў, што я насамрэч палітык", — сказаў Някляеў.

Ён адзначыў, што стварыў грамадзянскую кампанію "Гавары праўду!" — "самую моцную грамадскую арганізацыю ў Беларусі". Кандыдат паведаміў, што яго рэйтынг складае 17% — "гэта значна больш, чым рэйтынг любога іншага саперніка Лукашэнкі". "Гэта значыць, што ў Някляева найбольшы шанс на перамогу на прэзідэнцкіх выбарах", — сказаў ён.

Някляеў паабяцаў, што "кожная маці пры нараджэнні дзіцяці будзе атрымліваць мацярынскі капітал роўны 25 тыс. даляраў". "Гэта не азначае, што гэтыя грошы будуць выдадзеныя ўсе адразу, каб шчаслівы бацька аднойчы ўзяў іх ды прапіў. Яны будуць выдаткоўвацца паступова і менавіта на патрэбы дзяцяці", — заявіў кандыдат.

Акрамя таго, будуць вернуты ўклады насельніцтва, зробленыя насельніцтвам у савецкія часы — "калі не ўсе адразу, дык часткова, ці кампенсуем паслугамі, таварамі — тымі, якія некалі вы, збіраючы тыя грошы, хацелі купіць". У выпадку абрання прэзідэнтам кандыдат мае намер выплочваць кампенсацыі дзецям вайны, як гэта робіць Украіна.

Някляеў выказаў абурэнне скасаваннем ільгот для пенсіянераў, "чарнобыльцаў", студэнтаў ды іншых катэгорый грамадзян. "Ці так ужо любіць дзяржава сваіх грамадзянаў, як пра тое распавядае яе кіраўнік? Як вынікае не са словаў Лукашэнкі, а з ягоных дзеянняў, любіць ён не пенсіянераў і не студэнтаў, а толькі самога сябе, прэзідэнта", — лічыць Някляеў.

"У нас усё падпарадкоўваецца палітыцы, дакладней, таму, што прыдумае кіраўнік беларускай дзяржавы. А ён прыдумаў стабільнасць, якая насамрэч застой. Таму гэтаксама, як і ў Савецкім Саюзе, усё ў нас хутка, ужо ў наступным годзе, абваліцца: спачатку эканоміка, пасля палітыка, ідэалогія, а потым і сама дзяржава. Калі вы гэтага не хочаце, галасуйце за Някляева, а гэта значыць — за развіццё", — заклікаў кандыдат.

"Лукашэнка — як той бурак чырвоны, ягоная свядомасць застаецца савецкай, і ён ужо няздольны яе памяняць, таму трэба мяняць яго самога, ён стаў перашкодай на нашым шляху... Не трэба баяцца перамен. Вунь у суседніх краінах колькі за апошні час памянялася міністраў, прэзідэнтаў, і што сталася кепскага? Нічога. Наадварот, тыя краіны з новымі людзьмі толькі набываюць дынаміку, энергію, рух і развіваюцца так, што яшчэ трохі, і іх ужо будзе не дагнаць", — сказаў Някляеў.

Ён заявіў, што будзе захавана ўсё добрае, што было зроблена пры Лукашэнку, "але таго недастаткова, каб захаваць Беларусь". На думку Някляева, трэба змяніць палітычную сістэму, раздзяліць галіны ўлады, пакінуць у мінулым страх, які пануе ў грамадстве.

"Я, новы прэзідэнт Уладзімір Някляеў, адмяню гэты страх. Кожны будзе вольны казаць тое, у чым перакананы, і так, як лічыць патрэбным, дзейнічаць. Правы чалавека будуць ахоўвацца законам непарушна", — сказаў Някляеў. Ён паабяцаў правесці "такую палітычную рэформу, якая нават тэарэтычна не дазволіць вярнуцца да дыктатуры — ніколі і нікому".

"У вас у кожнага будзе і свая лыжка, і свой кацёл, і свая каша ў ім. Першым законам, які распрацуе парламент і падпіша прэзідэнт, будзе закон пра малы і сярэдні бізнес. Менавіта ён быў рухавіком эканомікі ва ўсіх краінах, якія выходзілі з савецкай сістэмы, і прывёў да поспеху", — заявіў Някляеў.

"Я вярну здаровы сэнс ва ўсё, што павінна рабіцца ў краіне. Ахова здароўя стане першачарговым абавязкам дзяржавы, а не другасным. Ва ўсім і заўсёды новы прэзідэнт Уладзімір Някляеў будзе кіравацца мэтазгоднасцю. Я не буду стаяць на асфальце, у лыжы абуты, і не змушу салігорскіх шахцёраў бегаць па лёдзе з адбойнымі малаткамі. Я не супраць лядовых палацаў, але ж не замест лякарняў", — сказаў кандыдат.



Ён лічыць, што развіваць стасункі з ЕС трэба, "але ж не коштам гэткага рэзкага павароту ад Расіі". "І калі мы нават збярэмся некалі ўвайсці ў Еўразвяз, дык і ў гэтым нам Расія можа стаць саюзніцай: ёй неабходна гэтак жа пераводзіць эканоміку на новыя, высокія тэхналогіі, як і нам", — заявіў Някляеў.

Кандыдат скептычна паставіўся да прапановы ЕС выдаткаваць Беларусі 3 млрд. еўра ў выпадку правядзення цяперашняй уладай сумленных выбараў: "Не вырашаць 3 млрд. еўра праблем Беларусі, знешні доўг якой сёння 25 млрд. долараў. А вось перакрыць з новага года расійскі газ і пакінуць нас на зіму ў холадзе гэтыя тры мільярды могуць... Я перакананы, што Еўразвяз, які за тры мільярды патрабуе ад Лукашэнкі дэмакратызацыі Беларусі, будзе ў чаканнях сваіх падмануты".