Мікалай Статкевіч: станавіцца годным страшна, але лепш за ўсё

Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Мікалай Статкевіч не баіцца ні турмы, ні расійскай імперыі...


Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Мікалай Статкевіч не баіцца ні турмы, ні расійскай імперыі. «Калі вельмі шмат беларусаў вырашаць жыць годна, то сітуацыя зменіцца імгненна», — упэўнена заяўляе ён у інтэрв’ю інтэрнэт-газеце Naviny.by.

Мікалай Статкевіч
Мікалай Віктаравіч Статкевіч. Нарадзіўся 12 жніўня 1956 года ў Слуцкім раёне ў сям’і настаўнікаў. Закончыў Мінскае вышэйшае інжэнернае зенітнае ракетнае вучылішча. Служыў у Запаляр’і. Быў прызнаны лепшым афіцэрам па сваёй спецыяльнасці ў аб’яднанні супрацьпаветранай абароны, якое абараняла ўсю поўнач еўрапейскай часткі СССР. Абараніў кандыдацкую дысертацыю, напісаў болей за 60 навуковых прац у галіне кіравання, эрганомікі і сацыяльнай псіхалогіі. У 1991 годзе ў знак пратэста супраць падаўлення танкамі дэманстрантаў у Вільнюсе выйшаў з шэрагаў КПСС. 20 жніўня 1991 года адзіны з вайскоўцаў у Беларусі публічна выступіў супраць путча ў Маскве. Тады ж абвясціў аб стварэнні Беларускага згуртавання вайскоўцаў (БЗВ), якое паставіла на мэце фармаванне беларускага войска, абарону незалежнасці і гісторыка-патрыятычнае выхаванне грамадства. У 1993 годзе выступіў супраць дамовы аб калектыўнай бяспецы, па ўмовах якой Беларусь павінна была накіроўваць сваіх салдатаў за межы краіны. За гэта быў зволены з войска. Пасля шырокай грамадскай кампаніі ў падтрымку Статкевіча беларускі парламент падпісаў згаданую дамову з умовай, што беларускія салдаты не будуць накіроўвацца ў «гарачыя кропкі». У 1996 годдзе быў абраны старшынёй Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада). Цяпер ягоная арганізацыя дзейнічае ў статусе аргкамітэта. У 1996-2000 гадах зладзіў і ўзначаліў болей за 30 дэманстрацый у абарону незалежнасці і суверэнітэта Беларусі. Меў адміністратыўныя арышты, тройчы супраць яго ўзбуджаліся крымінальныя справы. У зняволенні трымаў працяглыя галадоўкі. У 2005 годзе быў асуджаны да 3 гадоў абмежавання волі за арганізацыю чарговай дэманстрацыі. Міжнароднымі арганізацыямі быў прызнаны «вязнем сумлення». З 2003 года — лідэр Еўрапейскай кааліцыі, ад якой і вылучаны балатавацца на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года. Разведзены, мае дзвюх дачок.


— Апазіцыя ніяк не можа дамовіцца аб адзіным кандыдаце. Можа, у такім разе ён увогуле не патрэбны?

— Па-першае, адзіны кандыдат быў патрэбны «ўчора», — каб аб'яднаць чалавечыя, фінансавыя, электаральныя рэсурсы апазіцыі. Называем адзінага — і яго рэйтынг адразу ўзнімаецца да 30%. Цяперашні ж рэйтынг прэтэндэнтаў — на ўзроўні статыстычнай памылкі…

Па-другое, адзіны кандыдат пазбавіў бы Лукашэнку магчымасці самастойна абіраць сабе суперніка.

Хачу супакоіць усіх прэтэндэнтаў, якія назбіралі па сто тысяч подпісаў: усе яны будуць зарэгістраваныя. Пад сумненнем толькі два прэтэндэнты: Някляеў і я. Някляева атаясамліваюць з Крамлём, а гэта галоўнае, чаго баіцца Лукашэнка. Мая ж рэгістрацыя пад пытаннем, таму што ўлада баіцца плошчы. За арганізацыю несанкцыянаваных дэманстрацый на мяне было заведзена ўжо каля 30 адміністрацыйных і тры крымінальныя справы. Мой паслуговы спісак прымушае ўладу насцярожыцца.

— Вы верыце, што адзіны кандыдат змог бы перамагчы Лукашэнку?

— Тут вось у чым справа. Смешна кажуць некаторыя палітолагі пра мажлівасць дамагчыся другога тура. З дуба яны ўпалі ці што? Які другі тур, калі пратаколы пішуцца? У любым выпадку Лукашэнка вуснамі Ярмошынай заявіць, што набраў 85% галасоў.

Але, калі будзе адзіны кандыдат, то ён, арыентуючыся на дадзеныя экзіт-пула, зможа заявіць аб сваёй перамозе. І ў выпадку, калі ніхто з суседзяў Беларусі, у тым ліку Расія, выбары не прызнаў бы, дэмакратычны кандыдат мог бы назваць сябе прэзідэнтам.

Адзіны лідэр павінны быць і ў плошчы.

Першую перавагу, якую мог бы даць нам адзіны кандыдат, мы ўжо, як кажуць, прафукалі. Цяпер упускаем і другую. Застаецца толькі перавага супольных дзеняьняў на Плошчы. Але мы можам упусціць і яе, калі не абярэм нейкую раду дэмакратычных кандыдатаў, якая хоць фармальна будзе адзіная.



— Такім чынам, Вы — прыхільнік арганізацыі вулічных пратэстаў?

— Давайце ўспомнім другую палову 90-х, калі ў грамадства была нагода выходзіць на вуліцы — улады гандлявалі незалежнасцю. З 1996 года я і тысячы людзей, па сутнасці, вялі вулічную вайну за незалежнасць. За намі была меншасць грамадства, таму мы не маглі ўладу перакуліць. Але яна была палахлівая, баялася дэманстрацый. Мы ціснулі — і ў грамадстве падтрымка ідэі незалежнасці была ўсё большай і большай.

На жаль, дэмакратыя — гэта менш відавочная каштоўнасць для насельніцтва. Але патрэба і ў ёй расце. У 2006 годзе падчас выбарчай кампаніі было жудаснае запалохванне. Аж за месяц да яе мяне на «хіміі» перасталі выпускаць на працу, два афіцэры глядзелі, каб я не ўцёк і не зрабіў рэвалюцыю. Па тэлевізары выступалі старшыня КДБ — расстраляем, пракурор — пажыццёва пасадзім… І нават у такіх умовах 30 тысяч чалавек — па самых нізкіх ацэнках — сярод пустога запалоханага горада прыйшлі і сталі пад сцягі. Гэта што — мала?

— Але што дае Вам падставы спадзявацца, што выбаршчыкі зноў выйдуць на вуліцы?

— Мы рабілі апытанні ў першы тыдзень абыходу кватэр, калі збіралі подпісы: рэйтынг Лукашэнкі па Мінску — 22-23%. Палова людзей на выбары ўвогуле не пойдуць, бо нікому не вераць. Я разумею, чаму. Так, Мінску ўлада абрыдла, але яна яго штучна падкормлівае. Усе гэта разумеюць і баяцца згубіць сваё прывілегіяванае становішча. Ну, а антырэйтынг Лукашэнкі, па нашых ацэнках, — каля 25%.

Па правінцыі ж значна больш радыкальны настрой. Там проста есці няма чаго! Я праехаў 14 гарадоў, стаяў у пікетах, сустракаўся з актывам. У пікеце стаяць пенсіянеры і пытаюцца, як пражыць за 360 тысяч пенсіі… Падбягае нейкі стары, крычыць: вы за грошы Захаду прадаліся! Але адразу ўцякае — не ад мяне, а ад такіх жа, як ён, пенсіянераў. Раней падобнага не было.

Сітуацыя пераспявае. Палітычна актыўная частка грамадства адчувае за сабой падпорку. Калі раней такіх людзей у мястэчках лічылі хворымі на галаву або нейкімі ізгоямі, то цяпер яны ўжо абапіраюцца на падтрымку большасці.

Не мая справа лічыць шанцы. Але я іду на гэтыя выбары. І калі любы кандыдат не хоча застацца блазнам, ён павінен спрабаваць нешта зрабіць. Я не гавару пра крывавыя рэвалюцыі. Крый Божа, гэта немагчыма, ды і будзе на карысць уладам. Гэта павінны быць стрыманы цвёрды беларускі масавы ціск, добра арганізаваны і ўзначалены адным чалавекам. Або двума ці радай.

— Дарэчы, колькі Вы адсядзелі за вулічны пратэст?

— Шчыра кажучы, не магу ўспомніць, колькі сядзеў на «сутках». Але, здаецца, з блізу 30 адміністрацыйных справаў тры завяршыліся штрафамі ў 150 базавых велічынь, некалькі разоў апраўдалі, а ўсе астатнія заканчваліся «адсідкай», звычайна 10-15 сутак, бо я заўсёды сядзеў як арганізатар.

На «хіміі» я правёў каля двух гадоў. Далі тры, але потым знялі год па амністыі. І яшчэ я сядзеў у 1999 годзе па ўзбуджанай было крымінальнай справе, але выйшаў праз галадоўку. Усяго ў мяне былі тры галадоўкі, і лічу, што ўсе тры дасягнулі сваёй мэты.

— Ясна, Вы — не баіцеся. А народ — баіцца: і адсідак, і страціць працу...

— Не існуе іншага спосабу абудзіць у людзей годнасць, акрамя як уласнымі прыкладамі. Я таксама жывы нармальны чалавек, які хоча жыць, хадзіць па вуліцы горада, цешыцца з жыцця, кахання, лета, мора, глядзець на прыгожых дзяўчат... Думаю, ніхто не можа мяне папракнуць, што я сышоў ад адказнасці, не заставаўся на акцыях да канца. Адзінае магу сказаць: сапраўды страшна станавіцца годным чалавекам. Але гэта лепш за ўсё — жыць у адпаведнасці са сваёй годнасцю. Я прайшоў праз гэта і не шкадую. Годнасць каштуе ахвяраў, за ўсё трэба заплаціць. Калі вельмі шмат беларусаў вырашаць жыць годна, то сітуацыя зменіцца імгненна.

Глядзіце, што адбываецца цяпер: адзін чалавек залез на гару і прымушае астатніх рабіць подласць. Давайце задумаемся, што мы робім! Нідзе няма такіх выбараў, як у Беларусі. У Афрыцы крывавыя канфлікты з-за таго, што сфальсіфікавалі нейкія 2%. А тут — усё дазваляецца. Нават сябар Лукашэнкі Уга правёў больш-менш сумленныя выбары ў парламент Венесуэлы, і па выніках іх згубіў кваліфікаваную большасць, не мае права цяпер важныя рашэнні праводзіць праз парламент… Што ж мы церпім?



— Якія крокі, на Ваш погляд, павінны быць першачарговымі для новай улады?

— У выпадку перамогі дэмакратычных сілаў у краіну трэба вярнуць сапраўдныя выбары. Неабходна прадаставіць насельніцтву магчымасць самому абіраць сабе кіраўнікоў, пачынаюцы ад начальніка вёскі і заканчваюцы кіраўніком дзяржавы. Акрамя таго, людзі павінны атрымаць права звярнуцца ў незалежны суд, які не будзе па тэлефоне раіцца са «сваім сумленнем». Вось гэтых рэчаў я хачу дамагчыся.

Я не ведаю, каго ў выніку сумленных выбараў народ абярэ. Але я хацеў бы даць параду гэтаму чалавеку: не трэба рабіць палявання на ведзьмаў, не трэба масавых люстрацый.

Мы будуем дэмакратыю. Людзі, якія пацярпелі падчас дыктатуры, маюць маральнае і юрыдычнае права на кампенсацыю — за згубленае здароўе, нервы, страчаную працу. Усё гэта, хаця б часткова, трэба кампенсоўваць грашыма. А людзі, якія парушалі закон, павінны адказваць за гэта.

— Шмат прэтэндэнтаў на гэтых выбарах называе сябе праеўрапейскімі. У чым Ваша адрозненне ад іх?

— Я першым пачаў агучваць еўрапейскую ідэю ў якасці выбарчай праграмы – гэта было яшчэ ў 2003 годзе. Потым гэты сцяг падняў Мілінкевіч і астатнія. Гэта мяне вельмі радуе. Але мы гэту ідэю, кажу шчыра, падымалі як тэхналагічную: калбаса і свабода ў адной абалонцы. І яна была актуальная на выборах 2006 года. Я не зразумеў, чаму адзіны кандыдат тады яе не скарыстаў. На фоне інтэграцыі ў ЕС нашых суседзяў ідэя ж была вельмі актуальная! Зараз, безумоўна, еўрапейская будучыня павінна быць у нашых планах, але сама ідэя, як асноўная выбарчая, у нейкай ступені сыходзіць на другі план. На жаль, еўрапейскія чыноўнікі, кіраўнікі некаторых еўрапейскіх дзяржаў паказалі, што ідэалы свабоды для іх у адносінах да нашай краіны — на другім месцы. Яны перайшлі нейкі маральны рубікон, кантактуючы з беларускім дыктатарам. Асабліва я маю на ўвазе прэзідэнта Літвы Далю Грыбаўскайтэ, якая летась сустракалася з Лукашэнкам у дзень дзесяцігоддзя знікнення Ганчара і Красоўскага. Гэта звышцынізм, гэтаму няма даравання!

Наша ўлада таксама падмітусілася і нібыта кантактуе з ЕС. Цяпер еўрапейская ідэя не выглядае ў якасці кантраста, што Лукашэнка цягне нас у Азію, а мы пойдзем у Еўропу…

— Дарэчы, што б Вы змянілі ў дачыненнях з Расіяй?

— Я хацеў бы просто вярнуць супрацоўніцтва з ёй на сумленную аснову. Нельга думаць, што мы, маленькія, можам падмануць гэтую вялікую краіну, якая дагэтуль настальгуе па Савецкім саюзе, успрымае Беларусь як сваё і жадае вярнуць назад.

У 90-я годы тэма аб'яднання з Расіяй была актуальнай для нашых уладаў, але нам удалося яе спачатку затармазіць вулічнымі акцыямі, а потым беларусы і самі захацелі быць нацыяй.

Цяпер ужо Расія жадае вызваліцца з абдымкаў Лукашэнкі. І не трэба думаць, што пазыкі ў 50 мільярдаў долараў нам проста так абыйдуцца. За іх рана ці позна прыйдзецца плаціць — нашым дзецям, унукам.

Беларусі з Расіяй неабходна працаваць празрыста і сумленна. Можа, даць ёй нейкія датацыі і прэферэнцыі на рынку, улічваць яе нацыянальныя інтарэсы. Але ўсё гэта — прадмет сумленных дамоўленасцяў. Будуць праблемы, шмат нерваў, але ўрэшце рэшт усе выраўняецца ў новую палітыку — сумленную, прадказальную, пры якой Расія не будзе чакаць сюрпрызаў і зразумее, што занадта шмат ад Беларусі не атрымае.

— Вы насамрэч верыце ў сумленныя адносіны з імперыяй?

— Я думаю, што трэба паводзіць сябе ў любым выпадку сумленна. Гэта, паверце, акупляецца нават у адносінах з імперыяй. Неабходна пераканаць Расію, што ў дрэнным для яе выпадку ёй прыйдзецца разлічваць на супрацьдзеянне. Яна зразумее, што лепш паважлівыя адносіны, чым уступленне Беларусі ў НАТО.

— А што, Вы супраць уступлення Беларусі ў НАТО?

— Спачатку неабходна паспрабаваць дамовіцца, улічваць у тым ліку і інтарэсы суседа. Той жа ЕС — не такі моцны раздражняльнік для Расіі, як НАТО. Паход Грузіі ў НАТО прывёў да вайны, да лабавога сутыкнення…

Як палітык, я павінен улічваць інтарэсы ўсяго грамадства. На жаль, сімпатыі да НАТО разбамбілі ў 1999 годзе ў Сербіі. Я казаў тады амерыканскім калегам, што яны адначасова бомбяць дэмакратыю ў Беларусі, Расіі, - бо бамбілі народ, блізкі нам па культуры.

Лічу, што Беларусі патрэбны нейтральны статус. Хопісь быць акопам на нейчым фронце, заходнім ці расійскім.

— Як ацэньваеце шанцы Беларусі ўступіць у ЕС?

— Калі б грамадства гэтага вельмі захацела, усё адбылося б дастаткова хутка, хутчэй, чым нават ва Ўкраіны. Беларусь — не вельмі вялікая, не вельмі карумпаваная, дастаткова адукаваная і цывілізаваная краіна...

— Якія эканамічныя рэформы праводзілі б Вы ў першую чаргу?

— Асноўнае — інвестыцыйны клімат. Беларуская прамысловасць ва ўмовах змяньшэння датацый апынулася на парозе краху, і выратаваць яе зараз могуць только тэрміновыя замежныя інвестыцыі.

— Ваша стаўленне да будаўніцтва беларускай АЭС?

— На гэтую тэму неабходна шырокая дыскусія. Безумоўна, краіне патрэбны альтэрнатыўныя крыніцы энергетыкі, такія, як вада, паветра, сонца. Але ў нас яны не будуць вельмі эфектыўнымі. Паразважаўшы, наша грамадства павінна прыйсці да высновы, што — галосна, празрыста, пры захаванні бяспекі — уласную АЭС усё ж такі трэба будаваць.

— А як Вы ставіцеся да ідэі вяртання беларускай мове статуса адзінай дзяржаўнай, а таксама да ідэі змяніць дзяржаўны сцяг на бел-чырвона-белы?

— Думаю, Беларусі наканавана быць мультылінгвістычнай. Але сярод гэтага «мульты» галоўнае месца павінна займаць беларуская мова. Ёй неабходна вярнуць належны дзяржаўны статус, а рускай — надаць асаблівы. Нешта па прыкладу Ўкраіны. Там ніхто не скажа, што яго пакрыўдзілі па моўнай прыкмеце, але украінская мова ўсё больш і больш пашырае свой уплыў.

Сорам і ганьба, што мы адмаўляемся ад старадаўніх спрадвечных сімвалаў. Бел-чырвона-белы — сімвал адраджэння з мертвага да жыцця. А сучасны беларускі сцяг… Мабыць, людзі, якія прапаноўвалі яго, не ведалі, што арнамент мае сваю мову. І мова арнамента цяперашняга сцяга — пахавальная. Па-сутнасці, адзін сцяг — сімвал вечнага жыцця, адраджэння, другі — сімвал смерці. Трэба беларусам гэта патлумачыць, і хай яны самі выбіраюць.

 

Интервью других претендентов на участие в выборах президента
Дмитрий Усс

Дмитрий Усс: из-за конфликта с Россией мы теряем миллиарды
Новому белорусскому президенту надо будет срочно ехать к Медведеву и договариваться…

Андрей Санников

Андрей Санников: президентская власть нужна для проведения реформ
Претендент в президенты уверен, что стремление Беларуси в ЕС не противоречит стратегическому партнерству нашей страны с Россией...

Владимир Некляев

Уладзімір Някляеў: я зраблю ўсё, каб у Беларусі запанавала праўда
Лідэр грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» распавёў, на чым базуецца крэатыў яго каманды, якімі павінны быць...

Юрий Глушаков

Юрий Глушаков: президентская должность — бремя невероятной тяжести
Претендент на пост президента от партии «Зеленые» хочет ввести мораторий на строительство АЭС и на приватизацию крупных предприятий...

Виталий Рымашевский

Віталь Рымашэўскі: дакажу беларусам, што яны моцны і годны народ
Беларусы чакалі ад Лукашэнкі, што ён не будзе іх падманваць. На жаль, не дачакаліся. Цяпер яны чакаюць гэтага ад таго чалавека, які яго заменіць...

Ярослав Романчук

Ярослав Романчук: через 15 лет Беларусь войдет в Евросоюз
Я не вижу проблем в том, чтобы отказаться от пустых договоров по Союзному государству, Таможенному союзу и перейти к полноценной либерализации торговли...

Виктор Терещенко

Виктор Терещенко: моя кандидатура — самая подготовленная после Лукашенко
Я единственный из всех кандидатов был депутатом парламента, участвовал в разработке ряда государственных программ, являюсь не просто...

Григорий Костусев

Рыгор Кастусёў: я ліквідую КДБ і Саюзную дзяржаву з Расіяй
Намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў распавёў пра свае падабенства да Аляксандра Лукашэнкі, планы эканоміць на ахове прэзідэнта і ліквідаваць...

Алесь Михалевич Алесь Михалевич: я поведу Беларусь к неучастию в военных блоках
Претендент на пост президента, лидер союза «За модернизацию» Алесь Михалевич одним из первых заявил о своих президентских амбициях...
Сергей Рыжов Сергей Рыжов: первым делом верну людям украденные у них льготы 
Пойти в президенты витебчанина Сергея Рыжова подтолкнула история с освященными православной церковью консервами для детского питания...
Владимир Провальский Владимир Провальский: главная задача государства — зарабатывать деньги 
На президентские выборы индивидуальный предприниматель из Витебска Владимир Провальский идет без какой-либо программы...
Иван Куликов Иван Куликов: в Евросоюз нужно двигаться вместе с Россией 
«Никаких личных амбиций удовлетворять не планирую. Мне просто хочется, чтобы в Беларуси людям лучше жилось»...