Мяжа паміж святлом і небыццём. Мастак Уладзімір Вішнеўскі аб прамоўленым і ўвасобленым

Графіка цесна звязана з думкай, са словам, у выпадку мастака Уладзіміра Вішнеўскага — словам метафарычным і шматзначным. Менавіта такія тэксты ён ілюструе…


 
Часопіс «Мастацтва» прадстаўляе 


Графіка цесна звязана з думкай, са словам, у выпадку мастака Уладзіміра Вішнеўскага — словам метафарычным і шматзначным. Менавіта такія тэксты ён ілюструе, менавіта такімі паняццямі характарызуецца яго графічны набытак. 

Уладзімір Вішнеўскі
Фота Сяргея Ждановіча

Рыса ў аркушах Вішнеўскага часам падобная да іерогліфа, да іканічнага знака, што адначасова абмалёўвае бачнае і ўтрымлівае невідочнае. У скульптурных формах — тая ж глыбіня фактур і выразнасць, калі праз паўнамёк і лёгкае крананне матэрыялу нараджаецца вобраз. Колеры мастак выкарыстоўвае ашчадна, пазычаючы іх у палітры зямлі: ад холаду вяршынь да золата пладоў...

— Вясной у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва адбылася ваша персанальная выстава пад назвай «Будаўніцтва чалавека». У мяне склалася ўражанне, што вы цяпер на пэўным раздарожжы... Ці сапраўды ёсць патрэба перамен?

— Некаторыя свядома ставяць перад сабой такую задачу — змяніцца. Але ў мяне гэта адбываецца ненаўмысна. На пачатку экспазіцыі ў музеі я назнарок павесіў старыя працы, прысвечаныя чарнобыльскай трагедыі, — атрымалася кантраснае ўваходжанне ва ўсю выставу. Гэта даволі ранняя серыя работ, яна змешчана ў адзіную раму: ляўкас пад назвай «Туга страчанага сусвету», выкананы ў 1983 годзе, стаў нібы прадчуваннем Чарнобыля. 

 
Туга страчанага сусвету. З серыі «Птушкаловы». Дошка, ляўкас, тэмпера. 1983.

Асноўная зала Музея сучаснага выяўленчага мастацтва для персанальнай выставы не надта зручная: там нізкая столь, прастору перакрываюць калоны. Але я папрасіў Уладзіміра Савіча зрабіць экспазіцыю, і ён гэтае памяшканне цудоўна абыграў: завастрыў увагу на загалоўных момантах, акцэнтаваў скульптуру ў асяроддзі графічных кампазіцый. Падкрэсліў вертыкалі — шэрагі карцін у тэхніках туш, пяро, акварэль.

Я паказаў творы, над якімі працую сёння. Называю іх эскізамі для формы — магчымымі распрацоўкамі для далейшых скульптурных вобразаў. Бо апошнім часам я актыўна займаюся скульптурнай пластыкай у дрэве і граніце.

— Сёння для вас важней скульптура, чым графіка?

— Я заўсёды працаваў у скульптуры, раннія творы рабіў з дрэва. І заўсёды мяне цікавіў аб’ём, развіццё формы ў прасторы. На жаль, я не бачу зараз актыўнага пошуку ў гэтым відзе мастацтва ў студэнтаў нашай Акадэміі, скульптура даволі традыцыйная, набліжаная да акадэмічнага фармату. Хоць, прызнаю, аўтары сталі цікава выкарыстоўваць разнастайныя матэрыялы, але пластыка твораў не заўсёды адпавядае ідэі.

— Што з вашымі графічнымі работамі? Якія тут новыя пластычныя знаходкі?

— У Саюзе мастакоў страчана графічная база, літаграфская майстэрня закрыта, не знайшлося пераемнікаў майстра Дзмітрыя Малаткова. У многіх графікаў, праўда, ёсць уласныя афортныя станкі, у мяне таксама, аднак для працы на ім мая майстэрня замалая: трэба яшчэ знайсці месца для стала, забяспечыць падагрэў, зладзіць травілку. Я выкарыстоўваў базу акадэмічных памяшканняў, але ўжо 5-6 гадоў там ідзе капрамонт і графічныя майстэрні ліквідаваны. Акадэміі ўдалося ўгаварыць Малаткова папрацаваць, а саму рабочую прастору, пакуль ідзе капрамонт, узяць у арэнду.

Складана стала займацца афортам. Неабходныя матэрыялы — цынк, афортныя фарбы — набываем за мяжой, у прыватнасці ў Вільні. Гэтая тэхніка патрабуе выкарыстання хімікатаў, травіць магу толькі летам на балконе, таму што азотная кіслата не выветрываецца, а асядае па кутах. Заходзіш з вуліцы і адчуваеш гэты пах. Афорт — мая любімая тэхніка, але пераключыўся на камбінаваную.

Скульптура таксама патрабуе асаблівых умоў, на гаўбцы не зробіш вялікую рэч, а работа з балгаркай і шліфмашынкай — увогуле больш летні варыянт. З дрэвам можна ў майстэрні працаваць... 

 
Туга. Мораны дуб, метал. 1997.

— Давайце ад тэхналогій пяройдзем да тэмаў — якія з іх самыя галоўныя?

— Мая творчасць звязана з нацыянальным самаўсведамленнем, практычна ва ўсіх працах дамінуе радзіма, гісторыя, старадаўняя Літва. Назвы некаторых работ гавораць самі за сябе: «Апостал Васіль», «Карона Міндоўга», «Неба і зямля Фердынанда», «Прысвячэнне Уладзіміру Караткевічу». Асабліва гэта відавочна ў ілюстрацыях да кніг, такіх як «Палата кнігапісная», «Вянок беларускіх народных песень». Сябрую з многімі паэтамі і пісьменнікамі. Для мяне сталі вельмі адчувальнымі апошнія страты нашых славутых творцаў, я нават задумаў графічны аркуш, прысвечаны знакамітым палачанам — Быкаву, Барадуліну, Бураўкіну, але тапчуся на месцы, бо не магу знайсці патрэбны стылістычны ход, які б выявіў гэтых людзей, іх духоўную моц, сувязь і з намі, і з продкамі. Яны нібы нашы дзяды. У мяне ёсць аркуш «Дзяды», дзе я разважаю пра тое, што продкі адышлі, але яны з намі, дапамагаюць. Гэта сувязь, сакральная сувязь...

— Нездарма ў гутарцы пра тэмы творчасці вы найперш згадалі літаратараў, свае ілюстрацыі. Графіка — не толькі кніжная — больш за іншыя віды мастацтва звязана са словам, іх лучаць падобныя інтэлектуальныя механізмы: метафара, алегорыя, развіццё сюжэта ад дэталі да цэлага і наадварот, ідэя, якую можна прамовіць. Таму мне цікава, як вы пачынаеце кампазіцыю? Гэта слоўная канструкцыя? Візуальны ход?

— Калі я працую як ілюстратар, то ператвараюся ў суаўтара, але ніколі літаральна за тэкстам не іду, заўсёды шукаю пластычны ход. Калі распачынаю работу над станковай кампазіцыяй, дык часта мае разважанні ў адзін аркуш не змяшчаюцца, думку складана выразіць адначасна ў мінулым, сённяшнім і будучым. Яна доўжыцца, перацякае і развіваецца ў многіх пластычных варыяцыях. З’яўляецца серыя, звязаная агульнай ідэяй, але кожная кампазіцыя, безумоўна, вылучаецца паводле сваёй структуры і матэрыялу. Аднак у аснове — ідэя.

Напрыклад, у «Будаўніцтве чалавека»: чалавек нараджаецца, жыве і памірае — увесь час будуецца, нешта спазнае — адбываецца дабудова. Гэты цыкл твораў можна працягваць бясконца, іншая справа, што кожны яе фрагмент павінен быць звязаны нейкімі стылёвымі элементамі.

Праходзіць пэўны час — і чалавек мяняецца. Так і мае серыі, тэмы, стылістыкі розняцца. Ёсць цалкам іншая нізка: «Птушкалоў», дзе ўвасобіліся думкі, чым ёсць душа, а хто лаўцы душ, дуалізм — як белы і чорны анёлы. 

 
Белы і чорны анёлы. Афорт. 1993.

— Але штуршок для працы — канфлікт? Як зачэпка, завязка, пачатак развіцця... Пад канфліктам маю на ўвазе не абавязкова кантраст чорнага і белага.

— Я па складзе характару — песіміст, таму драматызм існуе ў маіх творах ад пачатку. Аднак я ж не апускаю рукі, а працягваю працаваць, ствараць. Белае і чорнае — складнікі любой будовы свету, два супрацьлеглыя пачаткі, дабро і зло. Нават у графіцы — белая папера, чорная лінія.

— Можа, у аснове вашых сюжэтаў, як нешта глыбіннае, — канфлікт цывілізацыі і прыроды.

— Аркушаў на такую тэму ў мяне няма, але на занятках са студэнтамі па кампазіцыі раблю акцэнт на гэтых асаблівасцях форматворчасці: створанае прыродай супрацьстаіць таму, што будуе чалавек, пачынаючы з жытла. Чалавек можа толькі паўтарыць. Прырода — неверагодна вынаходлівая і разнастайная...

— Тэма цялеснага выразна чыталася на вашай выставе. Ад якіх узораў — візуальных, філасофскіх — вы адштурхоўваецеся пры яе вырашэнні?

— Матэрыя адзіная, у зямлі нічога мёртвага няма, усё перацякае з аднаго ў другое, зямля ў чалавека, а чалавек у неба... Гэтыя напластаванні адбываюцца і ў часе.

У маёй чарнобыльскай серыі відавочныя сюррэалістычныя ўплывы, і зразумела чаму: распад на атамы. Сюррэалізмам я доўгі час захапляўся яшчэ ў студэнцтве, але ён у мяне трансфармаваўся ў нешта сваё, уласнае.

Сённяшняе мастацтва ў многіх завязана на новых тэхналогіях, з дапамогай камп’ютара можна дасягнуць эфектных вынікаў у стварэнні выявы, але мне цікавей падкрэсліваць арганічнасць матэрыялу і спараджаць рукатворы. Прынцыпова не выкарыстоўваю камп’ютар. Цяпер мастакам даводзіцца выбіраць сярод велізарнай плыні візуальнай інфармацыі. З іншага боку, бачу, што асоба — як тэма і аб’ект для творчасці — становіцца для многіх малацікавай. Свет распадаецца на квадрацікі, на абстракцыі.

— Ідзе аналіз новай віртуальнай прасторы...

— Часам людзі жывуць чужымі думкамі і чужымі жыццямі, займаюцца кампіляцыямі, у той час як вір сапраўднага жыцця праходзіць паўз іх. Віртуальная прастора — вельмі складаная, пры аналізе-ўвасабленні не спрошчваецца, а наадварот — ускладняецца... І яшчэ — няма ў многіх творах чалавека, няма душы. Тут цывілізацыя дзейнічае на мастацтва неспрыяльна, у цяперашні час праца з перыферыйнымі тэмамі можа быць значна цікавейшай.

— Апошнія вашы пластычныя пошукі таксама не вельмі пераканальныя. Візуальны канфлікт сёння сапраўды палягае ў іншай сферы — рэальнае і ўяўнае, існае і ілюзорнае, лічба і вока, нарэшце...

— У мяне — эскіз формы, проста фіксацыя нейкіх ідэй, формаўтварэнняў, з якіх можа вырасці твор. Іх трэба разглядаць у сувязі з пошукамі пластычнымі, і асабліва вялікага сэнсу шукаць не варта.

— Акрамя адраджэнскай тэмы, якія яшчэ ўлюбёныя? У станковых работах, ілюстрацыях?

— Я ніколі не захапляўся этнаграфізмам, стараўся пераасэнсоўваць на іншым, больш метафарычным узроўні нават краязнаўства і народную культуру. Вось, напрыклад, візуальнае аздабленне кнігі «Вянок беларускіх народных песень», дзе я імкнуўся прыадкрыць глыбокі гістарычны пласт і ў той жа час займаўся рэчамі фармальнымі: працаваў з рытмікай, мелодыкай, шукаў пластыку лініі — каб падабраць ключ да такіх шматзначных і няпростых тэкстаў. Ілюстрацыі выбудаваны паводле аднаго прынцыпу: унізе кожнага аркуша — рэальная зямля (Тураўская, Полацкая) з канкрэтнымі гістарычнымі аб’ектамі. А па-над зямлёй — стылізаваныя постаці, часам няўлоўныя, часам больш рэальныя, часам увасобленыя ў выглядзе віньетак. Матэрыяльнае і духоўнае.

— Палімпсест, дзе выява прачытваецца на розных узроўнях, не спрачаецца з тэкстам, але прапануе метафарычна яго асэнсаваць...

— Кніга павінна быць цэласным арганізмам. Уваход у яе — вокладка — гэта дзверы. Пасля я ствараў атмасферу, зрабіў некалькі разваротаў, і далей ідзе развіццё, кожны новы раздзел — сям’я, вяселле — вырашаецца нібы ў адным ключы, стылістычна зладжана, але са сваімі сакрэтамі. Стараўся, каб ілюстрацыі спрыялі развагам, каб у іх пастаянна можна нешта адкрываць, і хто больш ведае, той больш для сябе знойдзе. Тэкстам песень сотні гадоў, яны ўвасабляюць нашу зямлю, зжыліся з народам.

Белы і чорны анёлы з’яўляюцца ў выданні Міколы Мікалаева, прысвечаным рукапіснай кнізе з Х па ХVІІІ стагоддзе. Супервокладка з клапанамі нагадвае пергамінаваны рукапіс кнігі Торы, такім чынам я імкнуўся перадаць непарыўнасць гісторыі, руху. Кніга Торы з аднаго таўкачыка перакочваецца на другі. Тут і Пётра з ключамі ад раю, і сцэна выгнання. Ілюстрацыя можа існаваць як самастойны твор.

Літаратура звязана метафарай з рознымі пластамі ўспрымання. У маіх работах, напрыклад, шмат чорнага. Гэта ідэя сейбіта, вельмі дарэчная ў такім выданні — чорны шрыфт-слова на белым фоне-полі.

У саму кнігу я не ўлазіў, бо там і так дастаткова шмат выяў розных перыядаў... Супервокладка і тры разваротныя работы на пачатку ствараюць атмасферу старадаўнасці. Важна, каб графіка тэксту і графіка малюнка ўяўлялі з сябе стылістычную цэласнасць.

— Спачатку было слова?

— Спачатку была думка. Быў праект у Бога, а пасля сказалася слова. Любое дзеянне трэба спраектаваць — нібы сусвет. А затым прамовіць...