У Заслаўі праходзіць Дзень беларускага пісьменства

Сустрэчы з пісьменнікамі, адноўленая Біблія Скарыны і друкарскія станкі 16-га стагоддзя...


6-7 верасня ў старажытным Заслаўі адбываецца святкаванне 21-га Дня беларускага пісьменства.

Сёлета свята, якое традыцыйна праходзіла ў першую нядзелю верасня, было вырашана правесці больш масштабна. Таму свята запланавалі на ўсе выходныя. Дзень пісьменства святкуецца ў Заслаўі ў другі раз, першы быў 14 гадоў таму.

У першы дзень свята беларускія пісьменнікі, кнігавыдаўцы і ўсе зацікаўленыя прынялі ўдзел у навукова-практычнай канферэнцыі “Заслаўскія чытанні”, якая прайшла ў мясцовай дзіцячай школе мастацтваў. Тут жа прайшла выстава “ад юбілея да юбілея”.

На сцэнічнай пляцоўцы “Літаратурная кавярня” на вуліцы Савецкай прайшлі конкурсы эпіграмаў, бурімэ, выступы паэтаў у межах праграмы “Літаратурная мазаіка”, моладзевая акцыя “чытай па-беларуску”, літаратурная праграма “Юбіляры-2014”. Тут жа прадставілі канцэртную праграму сябры народнага клуба кампазітараў і паэтаў “Жывіца”.

 

Асноўныя мерапрыемствы праходзяць на цэнтральнай плошчы горада. Там адбываецца фестываль кнігі і прэсы. У межах фестывалю можна пабачыць экспазіцыю кніг — пераможцаў нацыянальнага і міжнароднага конкурсаў “Мастацтва кнігі”, фотавыставу “Пераможцы”, экспазіцыю перыёдыкі выдавецкага дома “Звязда”. Тут жа адбываюцца сустрэчы з пісьменнікамі, паэтамі, кнігавыдаўцамі і журналістамі.

На свяце кожны жадаючы можа паспрабаваць свае сілы ў выдавецкай справе. Гісторык Уладзімір Ліхадзедаў на цэнтральный плошчы прэзентуе Біблію Францыска Скарыны, якую ён надрукаваў па тэхналогіях 16 стагоддзя. Тут жа Уладзімір Ліхадзедаў дэманструе друкарскі станок і станок для вырабу паперы метадам “чэрпання”. У свеце існуе ўсяго некалькі такіх станкоў, а цэлая кніга была надрукавана на падобным станку ўпершыню.

Каля 500 чалавек стаялі ўчора ў чарзе да друкарскага станка Ліхадзедава. Кожны мог надрукаваць аркуш з Бібліі Скарыны. Кніг жа, як распавеў Ліхадзедаў, пакуль што надрукавана ўсяго 7. Але, калі цікаўнасць да Біблій будзе павялічвацца, можна будзе надрукаваць большы тыраж.