Добра, што Рублеўскі ў гэты дзень не збіраўся на рыбалку

Літаратурная прэмія “Гліняны Вялес” уручаная ў дваццаты раз. Лаўрэатам 2012 года стаў Сяргей Рублеўскі...


Самая старая незалежная літаратурная прэмія “Гліняны Вялес”, заснаваная ў 1993 годзе Таварыствам вольных літаратараў, 7 мая адзначыла дваццацігадовы юбілей. Лаўрэатам стаў віцебскі пісьменнік з багатым жыццёвым і літаратурным досведам Сяргей Рублеўскі, якому, паводле журы прэміі, належыць найлепшая кніга прозы 2012 года.


Стод Глінянага Вялеса. Эскіз зрабіў полацкі мастак
Сяржук Цімохаў, а сам стод вырабіў
наваполацкі кераміст Валеры Дунеўскі.

Стод Вялеса за кнігу эсэ і мініяцюр “Паспець надыхацца”, якая перамагла такіх знаных шортлістэраў як Леанід Галубовіч, Андрэй Федарэнка, Юры Станкевіча і Эдуард Акулін, Сяргей Рублеўскі атрымліваў у Музеі беларускага кнігадрукавання, што ў Полацку.



На цырымонію ва ўтульную залу музея прыйшло шмат моладзі. Яны ўважліва слухалі прамову старшыні ТВЛ Алеся Аркуша, які распавёў пра гісторыю прэміі і пра працэдуру выбара найлепшай кнігі за мінулы год, а таксама прачытаў віншавальны ліст, адрасаваны Сяргею Рублеўскаму калегам па пісьменніцкім цэху Леанідам Галубовічам, які таксама прэтэндаваў на прэмію ад ТВЛ.



Не быў абдзелены чытацкай увагай і лаўрэат Сяргей Рублеўскі, які ў сваю чаргу выступіў з традыцыйнай для цырымоніі Вялесавання прамовай, падзяліўся з прысутнымі думкамі пра пісьменства як прафесію і лад жыцця, паразважаў пра беларускую свядомасць, а таксама прэзентаваў кнігу “Святло лускі” — Рублеўскі не толькі знаны літаратар, але і заўзяты рыбак.

“Бывае, я цэлы дзень плыву па рацэ і лаўлю шчупакоў. Я дзеля рыбалкі што заўгодна кіну. Пад гарачую руку магу нават і ад Нобелеўскай прэміі адмовіцца!” — прызнаўся Сяргей Рублеўскі.



Перад тым, як уручыць лаўрэату гліняны стод бога Вялеса, які апекуецца мастацтвам, Алесь Аркуш сказаў колькі словаў пра прэмію і Таварыства вольных літаратараў: “Дваццаць год назад тут, на Полаччыне, Таварыства вольных літаратараў заснавала сваю прэмію “Гліняны Вялес”. Чаму мы яе так назвалі? Мы шукалі назву, у якой было б укаранёнае нешта беларускае. Знайшлі мы ў этнаграфічнай энцыклапедыі, што адзін з паганскіх багоў апекаваўся не толькі жывёлагадоўляў, але і мастацтвам. Мы падумалі, што ён мог бы апекавацца і нашай прэміяй. Паколькі наша прэмія нонканфармісцкая, яна не павінная быць ні залатой, ні срэбнай, ні дыямантавай. І мы вырашылі, хай яна будзе глінянай: Бог зрабіў чалавека з гліны, гэта ўніверсальны матэрыял — у кожнага беларуса ў хаце ёсць вырабы з гліны.



Калі мы засноўвалі Таварыства вольных літаратараў, для нас была вельмі істотнай ідэалогія рэгіяналізму. Не ўся культура павінна адбывацца ў цэнтры, у Менску. А тады можна было выдаць кнігу толькі стаўшы ў чаргу ў “Мастацкую літаратуру”, чакаючы пяць-шэсць гадоў. І атрымлівалася, што тое, што мы чыталі: і часопісы, і кнігі, было ўчорашнім днём: у 70-х мы чыталі творы 60-х, напрыклад. А мы імкнуліся стварыць дынамічны літаратурны працэс, які акрэслівае бягучы дзень. Мы выдавалі свае часопісы, напрыклад, “Калоссе”, выдавалі кнігі сяброў суполкі”.

Уручаючы стод Вялеса, Алесь Аркуш падзяліўся з прысутнымі радасцю, што “ўсё сышлося”: “Мне вельмі прыемна, што і сёння прэмію будзе атрымліваць чалавек, звязаны з Полаччынай. Сёння ўсе нашыя ідэалагічныя падмуркі сышліся: мы уручаем прэмію ў Полацку, у Музеі беларускага кнігадрукавання, дзе былі ўручаныя стоды Уладзіміру Арлову і Віктару Казько, стод зроблены па эскізе полацкага мастака Сержука Цімохава, ды атрымлівае яго практычна наш зямляк, пісьменнік з Лепельшчыны!”.



“Я не люблю і не гатовы рабіць нейкія ключавыя высновы, не магу акрэсціць нейкім чынам сваё месца ў беларускай літаратуры, — адзначыў Сяргей Рублеўскі ў прамове лаўрэата. — Мне здаецца, што прэміі заўжды даюцца па блаце. Нобелеўская прэмія даецца за правільныя палітычныя погляды, напрыклад. А прэмію Вялеса за правільныя погляды ты не атрымаеш — тут мае значэнне толькі мастацкая вартасць кнігі”.



Пісьменнік прызнаўся, што ўганараванне яго глінянай прэмія Таварыства вольных літаратараў усцешвае і натхняе: “Алесь Аркуш ужо “прымерваў” мяне на гэтую ўзнагароду дзесяць гадоў таму, пасля выхаду ў свет маёй першай кнігі “Апостраф”. Вельмі ўсцешаны, што Алесь і яго паплечнікі на працягу часу не згубілі цікаўнасць да маёй творчасці. Прыемна адчуць, што пратаптаная табой на квітнеючым лузе красомоўства сцяжынка ўсё яшчэ прываблівае позіркі, не заціснута бадыллем забыцця...”.



На завяршэнне вечара выступілі віцебскія і полацкія музыкі. Усе ахвотныя атрымалі кнігі Сяргея Рублеўскага з аўтографамі лаўрэата самай старой беларускай літаратурнай прэміі.