Прэмія ROCK PROFI: найлепшых выканаўцаў абяруць самі музыкі

Усяго ў прэміі будзе шэсць намінацый...

 

Беларускім выканаўцам не стае прафесійнай музычнай прэміі, якую прысуджалі б не эксперты з журналістаў і музычных крытыкаў, а самі музыканты. Для таго, каб найлепшыя рэлізы і кампазіцыі выбіралі калегі па музычным цэху, а заадно і паслухалі тых, з кім дзеляць беларускую сцэну, кіраўнік праекта Experty.by Зміцер Безкаравайны і ўладальнік гуказапісваючай студыі “Осмас” Павел Юрцэвіч заснавалі чарговую музычную прэмію Rock Profi. Паводле іх, прэмія мусіць стаць першай прафесійнай альтэрнатыўнай узнагародай для беларускіх выканаўцаў.

3 красавіка арганізатары прэміі сабралі журналістаў на прэс-канферэнцыю ў сталічным клубе “Графіці”, кіраўніцтва якога актыўна дапамагае Дзмітрыю і Паўлу ў рэалізацыі задуманага. “Гэты год у беларускай музыцы быў багаты на ўзнагароды, але па вялікім рахунку амаль усюды пераможцы вызначаліся па галасах журналістаў. У красавіку на новай прэміі Rock Profi мы ўпершыню даведаемся меркаванне саміх беларускіх музыкаў”, — гавораць арганізатары і падрабязна распавядаюць, чым новая прэмія будзе адрознівацца ад прэмій Experty.by, Ultra-Music, “Даём рады” і іншых.

 

Назіраць за галасаваннем будзе кантрольны камітэт

Павел Юрцэвіч распавёў, што выношваў ідэю такой музычнай прэміі цягам апошніх палутара гадоў. “Нарэшце ўсё склалася, вырашыліся ўсе спрэчныя пытанні наконт прэміі, напісаны сумесна з Дзмітрыем статут, які неўзабаве будзе апублікаваны ў інтэрнэце, каб кожны жадаючы мог азнаёміцца з палажэннем прэміі. Мы проста арганізавалі працэс, а далей ён рухаецца сам па сабе. Арганізатары могуць мяняцца. Галоўнае, каб усё працавала”.

“Істотна, каб мы не проста сабралі музыкаў, раздалі ім анкеты для галасавання, а пасля па выніках сказалі, што перамог той ці іншы выканаўца, — распавядае пра новую прэмію Дзмітрый Безкаравайны. — Мы стварылі кантрольны камітэт з дзесятка музыкаў, якія адначасова з’яўляюцца сябрамі журы. Гэта вельмі розныя творцы: больш мэйнстрымавыя, менш мэйнстрымавыя, якія выконваюць вельмі розную па стылістыцы музыку. Іх задача як удзельнікаў кантрольнага камітэта ў тым, каб сачыць за правільнасцю і празрыстасцю галасавання”.

Сярод удзельнікаў камітэту ў гэтым годзе такія вядомыя музыкі як Лявон Вольскі, Алег Хаменка, Аляксандр Памідораў ды іншыя. Кожны год склад кантрольнага камітэту будзе мяняцца. Музыкі могуць самі прапаноўваць свае кандыдатуры ў гэты кантралюючы орган узнагароды – жорсткага адбору музыкаў для камітэта не будзе.

 

Важна, каб музыкі проста пачулі адзін аднога

Да размовы падключаецца сябра журы музыка і шоўмэн Аляксандр Памідораў: “У нас ёсць адна, другая, трэцяя прэмія, але ўсе ўжо стаміліся ад таго, што многіх не задавальняюць вынікі. Таму і ўзнікла ідэя больш прафесійна падыйсці да ацэнкі беларускай музыкі. Гэта наступны крок у развіцці”.

“У музыкантаў часта ўзнікаюць прэтэнзіі да журы прэмій, маўляў, вы самі музыку не пішаце, якое вы маеце права нас ацэньваць і судзіць? Мы даем ім такую магчымасць. Раней мы прапаноўвалі музыкам пісаць рэцэнзіі на працу калег, але яны адмаўляюцца пісаць артыкулы, каб нікога не пакрыўдзіць. Тут жа трэба не судзіць, а наадварот, хваліць калег за добрыя песні і альбомы. Канечне, музыкі суб’ектыўныя. Але ж і журналісты таксама кіруюцца суб’ектыўным меркаваннем”, – падкрэслівае Безкаравайны.

У аснове новай прэміі дастаткова просты прынцып: галасуюць за найлепшыя кампазіцыі і альбомы тыя музыкі, хто стварае сучасную беларускую музыку ў стылістыцы рок, індзі ды альтэрнатыва. Сябрам журы можа стаць музыка ці калектыў, які цягам апошніх трох гадоў выдаў студыйны альбом.

Зміцер падкрэсліў, што беларускія музыкі праз сваю занятасць уласнай творчасцю часта не слухаюць сваіх жа калег. “Тады я задаюся пытаннем: калі вы самі не слухаеце іншых беларускіх музыкаў, чаму вы лічыце, што нехта павінен слухаць вас? Чым вы лепшыя за іншых? Гэта прэмія дасць магчымасць музыкам паслухаць сваіх калег, што з’яўляецца вельмі важнай задачай”.

 

Разынка прэміі – намінацыя “Найлепшы запіс”

Усяго ў прэміі будзе шэсць намінацый. Як традыцыйныя "Найлепшы альбом", "Найлепшая песня", "Артыст года", "Дэбют года", так і прэмія "За ўнёсак у музыку", а таксама прэмія ў намінацыі "Найлепшы запіс", якая стане разынкай Rock Profi.

У кожнай намінацыі было прыкладна па 40 прэтэндэнтаў. Усяго сябрам журы давялося адслухаць паўсотні альбомаў. Вялікае журы з музыкаў, якое склала каля шасцідзесяці чалавек, ужо выбрала сваіх шорт-лістэраў. Згодна з правіламі Rock Profi музыкант не можа галасаваць за сябе і за праекты са сваім удзелам. На тое, каб праслухаць немалую колькасць калег па музычным цэху, пайшло больш за тры тыдні. За два тыдні музыкі мусяць вызначыцца з пераможцамі ў кожнай намінацыі.

Пакуль што арганізатары не гатовыя агучыць шорт-лістэраў прэміі. 16 красавіка ў закрытым фармаце адбудзецца ўручэнне ўзнагароды, якой стала статуэтка вагой у чатыры з паловай кілаграмы з канцалярскай кнопкай у якасці афіцыйнага сімвала прэміі. Узнагароду распрацаваў беларускі дызайнер Улад Казаноўскі. “Гэтая кнопка сімвалізуе пік прафесіяналізму”, — тлумачыць Павел Юрцэвіч.