“Тузін.Немаўля”. Мёртвае кіно не для ўсіх

Меў рацыю рэдактар партала Tuzin.fm Сяргей Будкін, калі паведамляў журналістам, што яго новы праект “Тузін.Немаўля” — не для шырокага гледача...


Меў рацыю рэдактар партала Tuzin.fm Сяргей Будкін, калі паведамляў журналістам, што яго новы праект “Тузін.Немаўля” — не для шырокага гледача. “Па шчырасці, не думаю, што варта спрабаваць рабіць такія фестывалі ў іншых гарадах Беларусі. Усё ж нямое чорна-белае кіно — далёка не для ўсіх. Паглядзім, колькі гледачоў прыйдзе на нашыя кінаспектаклі ў сталіцы”, — сказаў Сяргей падчас прэс-канферэнцыі напярэдадні пачатку праекта.



Сапраўды, на першым кінаканцэрце праекта ў сталічным клубе LOFT з удзелам вядомага і любімага многімі беларусамі Сяргея Пукста, а таксама маладога ды амбітнага гурта Re1ikt людзей было зусім няшмат. Прычым, простых наведнікаў, а не журналістаў, фатографаў, музыкаў ды прадзюсараў знайсці было сапраўды складана. Тым не менш, праект адбыўся. Музыкі атрымалі неабходную глядацкую рэакцыю пасля сваёй эксперыментальнай працы, а нешырокая публіка не толькі даведалася пра існаванне беларускага нямога кіно, створанага напачатку мінулага стагоддзя, але змагла паглядзець стужкі ў разняволенай клубнай атмасферы пад кубак кавы альбо чаго памацней ды акунуцца ў музычныя імправізацыі беларускіх актуальных музыкантаў.


Музыкі, якім ёсць што сказаць

Апошніх, сярод якіх названыя вышэй Сяргей Пукст, Re1ikt ды беластоцкі гурт Ilo&friends, для праекта выбралі невыпадкова — арыентаваліся на людзей з абсалютным музычным густам.

Сяргей Будкін у каментары для Naviny.by адзначаў: “Мы прапаноўвалі ўдзельнічаць у гэтым праекце многім беларускім музыкам, сярод якіх, дарэчы, былі вельмі вядомыя гурты. Тады мы б зрабілі, канечне, больш стужак, бо ў нашым нямым кінематографе ёсць як мінімум яшчэ чатыры фільмы, цікавыя для прагляду. Але многія музыкі сказалі, што калі б стужкі парэзаць, скараціць, то тады яны ўзяліся б за працу, а так — стужкі даўгія і ім няма чаго сказаць… Знайшліся ж людзі, якім ёсць што сказаць. Мы будзем працягваць гэту працу. Хацелася б зладзіць вялікі фестываль нямога кіно. А калі не атрымаецца, то будзе хаця б адзін фестываль з трох кінаканцэртаў”.



Таксама Будкін адзначыў, што “музыкі былі цалкам вольныя ў трактоўцы стужак. Яны глыбока асэнсоўвалі працу над фільмам, ствараючы музычныя кампазіцыі”.

У выніку падрыхтоўчага перыяду да праекта музыкі і фільмы размеркаваліся наступным чынам: Сяргей Пукст працаваў над “Кастусём Каліноўскім” 1927 году, Re1ikt узяўся за стварэнне псіхадэлічнай музыкі для гістарычнай эпапеі “У агні народжаная”, знятай у 1929 годзе, камандзе Ilo&friends дасталася кінастужка “Прастытутка”, створаная ў 1926 годзе — гэта першае беларускае нямое кіно.

Пукст і Re1ikt, якім ёсць што сказаць, не толькі натхнёна агучвалі стужкі “Кастусь Каліноўскі” і “У агні народжаная”, але ахвотна распавядалі і журналістам, і гледачам пра сваю працу над праектам.



“У нашай гісторыі выпадае адрэзак часу, на які прыйшлося развіццё сюррэалістычнага і мадэрнісцкага мастацтва. Зараз мы часта сутыкаемся з непрыняццем нейкіх сюррэалістычных практык — нас ніхто не разумее. Працуючы над стужкай “Кастусь Каліноўскі”, я хацеў у тапёрскай форме вярнуць гэты мадэрнісцкі метад нашай культуры, надаць фільму лёгкую паэтычную фабулу. Стужка вельмі рамантычная па настроі, вельмі якасна зробленая — хаця б удзел у ёй Барыса Ліванава сведчыць аб тым, што стваральнікі фільма вельмі адказна падыходзілі да сваёй працы. Я меў справу з добрым матэрыялам і перада мной стаяла задача не сапсаваць яго”, — падзяліўся Сяргей Пукст.


Мёртвае кіно

У музыкі атрымалася не сапсаваць фільм. Яго музыка вельмі трапна і арганічна стварала адзінае палатно з фільмам, дапамагаючы гледачу акцэнтаваць увагу на кульмінацыйных момантах стужкі, адрываючыся ад размоваў з паплечнікамі за куфлем піва. Так, падчас аднаго з такіх момантаў, калі на экране абдывалася бойка не на жыццё, а на смерць, Сяргей пачаў дапамагаць музыцы голасам: завываў, стагнаў, хрыпеў, лямантаваў… Публіцы спадабаўся такі ход — людзі смяяліся і пляскалі.

Перад паказам “Каліноўскага” у суправаджэнні сюррэалістычнай музыкі Пукста слова далі кінакрытыку Максіму Жбанкову.



“Гэта шосты фільм у спісе беларускага кіно ўсіх часоў і народаў. Ён уяўляе сабой слабы закос пад беларускасць з расейскай сэкс-зоркай у галоўнай ролі. Гэта стужка няпростая, дзіўнаватая. Падчас працы над фільмам яго скарацілі практычна на траціну, у выніку чаго ён згубіў сваю фінальную частку. Я лічу, што гэта мёртвае кіно, якое падлягае рэанімацыі. Пукст прымусіў рэшткі кінафільма танчыць. Хто б стаў глядзець гэта кіно, каб не Пукст і не Будкін?” — зазначыў Жбанкоў.

Пасля свайго бліскучага, яркага, эмацыйнага выступу Сяргей Пукст сціпла звярнуўся да прысутных: “Тое, што будзе далей, будзе нашмат больш цікава і больш моцна, чым тое, што было зараз”. Здзіўленае “Да ну!” даносілася ў адказ з розных куткоў клуба.

Прадстаўнік гурта Re1ikt Аляксандр Дземідзенка таксама падзяліўся сваімі ўражаннямі ад працы над стужкай “У агні народжаная”: “Нашай задачай было з дапамогай музыкі не толькі падкрэсліць карцінку на экране, але і адлюстраваць сваё стаўленне да дзеі. Гэта было дастаткова складана, бо нам трэба было не сапсаваць уражанне гледача ад прагляду нямога кіно, каб глядач не думаў, што на экране адно, а мы граем нешта зусім іншае”.


Фота Яўген Шапчыц, «Тузін Гітоў»

Наколькі не памыліўся ў сваіх страхах і чаканнях Сяргей Пукст, настолькі ж меў рацыю і Аляксандр. Сапраўды, гурту з пяці чалавек выканаць задачу па агучцы нямой старой беларускай стужцы было складана. Першую палову фільма было цяжка засяродзіцца на фільме, не звяртаючы ўвагу на псіхадэлічную музыку Re1iktа. Было адчуванне, што кіно і музыка існуюць у адрыве адно ад аднога. Але бліжэй да сярэдзіны фільма пра станаўленне Беларускай Народнай Рэспублікі музыка і дзея на экране нарэшце зліліся ў адзінае гарманічнае цэлае.

Прадстаўляючы стужку “У агні народжаная”, аўтар і вядучы перадачы “Відзьмо-нявідзьмо” Сяргей Філімонаў адзначыў: “Я думаў спачатку, што гэты фільм будзе прапагандысцкім, але ж гэта не так. Я лічу, што гэта беларускі “Браненосец Пацёмкін”. Прынамсі, наша стужка не горшая па ўзроўні за гэта вядомае кіно. Гэта першае беларускае кіно, у якім ў часы СССР гаварылі пра БНР”.

Хочацца верыць, што тапёрская праца беларускіх музыкаў па агучцы беларускіх нямых кінастужак будзе працягвацца, і ў Сяргея Будкіна атрымаецца ажыццявіць сваю мару і зладзіць вялікі фестываль рэанімаванага, жывога беларускага кіно. Пакуль музыкі працуюць над новымі нямымі стужкамі, якія ёсць у аналах беларускага кінамастацтва, мы можам паглядзець гэтыя фільмы ў Музеі гісторыі беларускага кіно ў іх першапачатковым варыянце.