Уладзімер Арлоў даў свабодзе імя

Кніга «Імёны Свабоды» можа служыць дапаможнікам для напісання раманаў, здымання фільмаў, абароны дысертацыяў, змены назваў плошчаў ды іншага...


Уладзімер Арлоў прэзентаваў сваю новую кнігу «Імёны Свабоды» у залі ўправы партыі БНФ. Яна не мае малюнкаў і фотаздымкаў нават на вокладцы. Толькі гістарычныя партрэты, толькі імёны і асобы.

Чарга за аўтографам Уладзімера Арлова выходзіла на вуліцуЧарга за аўтографам аўтара цягнулася ўзжоўж калідораў і выходзіла на вуліцу. Хто першымі атрымаў подпіс, імкнуліся хутчэй заняць месца, бо заля ўправы, разлічаная на 70 месцаў, не магла прыняць некалькі сотняў жадаючых. Людзі стаялі нават у тых месцах, дзе выступоўцаў немагчыма было ўбачыць, толькi пачуць.

Распачаў імпрэзу Вінцук Вячорка, які працытаваў анатацыю да выдання: «Кніга можа служыць дапаможнікам для напісання раманаў, здымання фільмаў, абароны дысертацыяў, змены назваў плошчаў ды інш.» Для самога Вінцука «Iмёны Свабоды» — «адухоўленая энцыклапедыя». Ён прызнаўся, што шмат даведаўся, дзякуючы кнізе. Напрыклад, што Каміла Марцінкевіч — дачка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча — сядзела ў Валадарскай турме, а апроч Лесі Укранкі гісторыя ведае і Лесю Беларуску.

Уладзімер Арлоў адразу ж строга рэгламентаваў выступы гасцей імпрэзы: «Кожнаму па 2 хвіліны плюс 15 секунд. Менавіта столькі даюць мне эфірнага часу для перадачы на «Радыё Свабода», а пасля проста выключаюць мікрафон».

Штодзённую перадачу, якая мае тую ж назву, што і кніга, Арлоў вядзе ўжо 15 месяцаў. Менавіта яе сюжэты і склалі змест выдання. Гэта 261 гістарычны патртрэт знакамітых асоб Беларусі, пачынаючы з канца 18 стагоддзя і сканчваючы нашымі днямі. І было б больш імёнаў, каб не рэдактары. «Самая вялікая перашкода, якая была для выхаду гэтай кнігі, — аўтар, бо ён хацеў змясіціць туды куды больш гісторый пра розных людзей», — кажа дырэктар беларускай службы «Радыё Свабода» Аляксандар Лукашук.

Аляксандр, паводле словаў Уладзімера Арлова, і прапанаваў ідэю стварыць такі праект. Назву для праграмы, а гэтаксама і для кнігі выбіралі доўга. Былі варыянты і «Героі Свабоды», і «Рыцары Свабоды», і нават «Ордэн Свабоды».

Сярод прысутных у залі былі сваякі тых асоб, якія сталі героямі перадачы і кнігі Арлова: ўдава і дачка мастака Алеся Асташонка, удава тэатральнага рэжысёра Міколы Трухана, дачка Міхаіла Дубянецкага ды іншыя.

Слова браў таксама Аляксандр Мілінкевіч, які адзначыў: «Мы жывем у выдатныя часы, калі гісторыя — не проста прадмет вывучэння, а цэлае мора эмоцый». Палітык Мікола Статкевіч распавёў, што кожную раніцу слухае прадачу Арлова, калі п’е каву. Рэцэнзент кнігі гісторык Захар Шыбека назваў выданне «працай на мяжы літаратуры і гісторыі».

Пакуль прысутныя з імпэтам слухалі выступы і урыўкі гісторый з кнігі, ім прапанавалі самім скласці стос такіх гістарычных партрэтаў. Так, кожны жадаючы можа даслаць на паштовую скрыню (Мінск 220005 паштовая скрынка 111) ці на электронны адрас ([email protected]) сваю гісторыю пра пэўную асобу, значную для Беларусі.

Уладзімер Арлоў жа напрыканцы сваёй іпмрэзы адзначыў, што працяг кнігі абавязкова будзе, бо яна бясконцая па ідэі. Пакуль жа ў іншых гарадах краіны працягнуцца прэзентацыі выдання.