Правы карыстальнікаў «Wikipedia» абмяжоўваць не будуць

Змены ў нямецкай энцыклапедыі беларускую версію праекта не закрануць...


ВікіпедыяХваляванні наконт таго, што карыстальнікі вольнай энцыклапедыі ў Сеціве — «Wikipedia» — будуць абмежаваны ў сваіх правах, аказаліся беспадстаўнымі.

Навіна пра тое, што рэдагаваць артыкулы ў «Wikipedia» цяпер зможа толькі пэўнае кола рэдактараў, усхвалявала нават беларускія сайты. Аднак стваральнік «вольнай энцыклапедыі» Джымі Уэлз абвергнуў імкненне журналістаў да катастрафізацыі падзей.

Па-першае, правілы тычацца толькі нямецкай версіі «Wikipedia» і не закранаюць іншых, а тым больш беларускіх.

Па-другое, новаўвядзенні не зусім і новыя. Калі зараз, зайшоўшы на сайт нават беларускай «Wikipedia» (be.wikipedia.org ці be-x-old.wikipedia.org), у вас узнікла жаданне адрэдагаваць нейкую інфармацыю ў ёй, вам не заўсёды гэта будзе дазволена. Асобныя артыкулы абаронены ад правак новых і ананімных удзельнікаў. Каб усё ж такі ўнесці свае праўкі, варта было пачакаць 4 дні пасля рэгістрацыі на сайце, як і было раней у нямецкай версіі. Зараз жа кіраўнікі нямецкамоўнага праекта прапануюць іншы падыход. Карыстальнік па-ранейшаму можа рэдагаваць артыкул, але толькі тады, калі гэтыя праўкі зацвердзяць больш сталыя карыстальнікі (тыя, хто прайшлі ліміт у 30 правак на працягу 30 дзён). Пасля выкананага ліміту вашы праўкі будуць уносіцца адразу і без патрэбы дазволу ад сталых рэдактараў. «Мы не збіраемся абмяжоўваць чыйсьці статус», — кажа Джымі Уэлз.

Па-трэцяе, такі новы падыход выкліканы неабходнасцю змяшчаць правераную інфармацыю ў «Wikipedia» і абараніцца ад «вандалаў», набегі якіх замінаюць працы. «Wikipedia» задумвалася як энцыклапедыя вольная не толькі для чытання, але і для размяшчэння там матэрыялаў. Але да стваральніка праекта Джымі Уэлза прыходзяць лісты са скаргамі ад студэнтаў, якія на занятках выкарыстоўваюць інфармацыю з «Wikipedia», а яна аказваецца няправільнай.

Аднак нават сярод сталых карыстальнікаў могуць узнікнуць пэўныя непаразуменні ў пэўных праўках, калі яны адно за адным мяняюць змест артыкула. Такім чынам яны могуць парушыць адзін з пастулатаў «Wikipedia» — NPOV (нейтральны пункт гледжання). Тады канчатковае рашэнне прымаецца адміністратарамі: бакі не знайшлі кампрамісу — артыкул абараняецца ад любых правак цалкам.

Стваральнікі «Wikipedia» распрацоўваюць рэйтынг аўтараў, на першыя месцы якога трапяць тыя інтэрнэт-карыстальнікі, чые матэрыялы будуць выпраўлены найменшым чынам. Зменіцца і знешні выгляд энцыклапедыі: тэкст недаставерных у інфармацыйнам плане артыкулаў будзе выдзелены больш цёмным колерам.

«Wikipedia» наведвае штодня каля 7% усіх карыстальнікаў Сеціва. Праект існуе на 253 мовах. Зараз арганізатары сканцэнтравалі сваю ўвагу на развіцці вольнай энцыклапедыі ў Індыі і краінах Афрыкі, бо інфармацыі адтуль бракуе.

Беларуская верасія «Wikipedia» была створана 12 жніўня 2004 года. Спачатку ўсе артыкулы пісалі на «тарашкевіцы», але пасля аматары афіцыйнага правапіса («наркамаўкі») дамагліся атрымання дамену, які належыў першай версіі. Зараз «Wikipedia» на Беларусі існуе і на «наркамаўцы», і на «тарашкевіцы».

Як упэўніў адзін з адміністратараў «Wikipedia» на Беларусі Red_Winged_Duck, змены ў нямецкай энцыклапедыі беларускую версію праекта не закрануць. Прынцып рэдагавання артыкулаў застанецца такім жа, як і ў іншых версіях «Wikipedia».