Фільм «Калі кветкі не маўчаць» беларуса Андрэя Куцілы перамог у дакументальным конкурсе Варшаўскага кінафестывалю

Дакументальны фільм «Калі кветкі не маўчаць» беларускага рэжысера Андрэя Куцілы пра жыццё падчас і пасля жніўня 2020 году ў Беларусі перамог у дакументальнай намінацыі на 37-м Варшаўскім кінафестывалі.

 

 

Як перадае Радыё Свабода, пра гэта на сваёй старонцы ў Фэйсбуку паведаміла кінакрытык Ірэна Кацяловіч, якая працуе на фестывалі ў складзе міжнароднага журы кінапрэсы.

Фільм пра жыццё падчас і пасля жніўня 2020 году ў Беларусі прысвечаны беларускім сем’ям, якія, нягледзячы на перажытыя траўмы, спрабуюць жыць далей і займацца сваймі справамі. У цэнтры сюжэту — беларускія жанчыны, якія ўдзельнічалі ў пратэстах, выходзілі на ланцугі салідарнасці з кветкамі: Так і нарадзілася назва фільму — «Калі кветкі не маўчаць».

«Пачуцьці зьмешаныя. З аднаго боку гэта цешыць, бо гэта мая аўтарская праца, а з іншага — гэты боль ад тэмы не праходзіць. І таму хацелася б свята, але яго няма, — пракамэнтаваў «Белсату» сваю перамогу Андрэй Куціла. — Цешуся таму, што гэта ўзнагарода дае больш увагі да фільму, і ён будзе яшчэ недзе паказаны і такім чынам увага будзе да тэматыкі. То бок павестка будзе трымацца на іншых фестывальных пляцоўках. А асабістыя мае адчуванні як аўтара, рэжысэра вельмі складаныя. Я дагэтуль не магу іх усвядоміць у дадзены момант».

37-ы Варшаўскі кінафестываль доўжыцца з 8 па 17 кастрычніка.

Андрэй Куціла — рэжысэр-дакумэнталіст, пераможца шматлікіх міжнародных фэстываляў. Аўтар такіх фільмаў, як «Стрыптыз і вайна», «Цар гары», «Мне трэба поціскаў», «Summa» і інш.