«Гэта быў файны досвед супрацы». У Кіеве адбыўся акустычны канцэрт Юрыя Стыльскага

У Кіеве прайшоў акустычны канцэрт Юрыя Стыльскага – лідара берасцейскага гурта «Дай Дарогу». Публіка пачула як улюблёныя хіты «Прыгай в коляску», «Увольте», «По синему», так і нашумелую кампазіцыю «Баю бай», кліп на якую ў жніўні 2021 года ў Беларусі прызналі экстрэмісцкім.

 

Юрый Стыльскі. Фота: Беларускае Радыё Рацыя.

 

На імпрэзе, акрамя сімпатыі аўдыторыі, перадае Радыё Рацыя, артыст адчуў падтрымку і ад мясцовых музыкаў. Так, у Кіеве на сцэну разам з Юрыем упершыню выйшаў украінскі перкусіяніст. «Гэта быў файны досвед супрацы», – зазначыў пасля канцэрта лідар гурта «Дай Дарогу».

«Бо я знаходжуся тут адзін, і ў мяне няма падтрымкі музыкаў, з якімі я быў у Берасці. Таму я знаходжу нейкіх сесійных музыкаў, гэтым разам тут сыграў гукарэжысёр, які тут мясцовы. Я спытаў: ты ўмееш? Ён адказаў: так. І падхапіў за тры хвіліны. У Адэсе я знайшоў дзяўчыну, якая перкусіяністка, вулічны музыка. Я думаю, што можна так і надалей рабіць. Гэта наадварот цікава, такі джэм. Людзям нейкі вопыт, і для мяне цікава.

Такія музычныя эксперыменты Юрый Стыльскі плануе працягнуць, у тым ліку і ў Львове, дзе адбудзецца наступны канцэрт артыста.