Не прапусціце! Сёння на YouTube-канале купалаўцаў адбудзецца прэм’ера новага варыянта «Паўлінкі» з добрым фіналам

«Магчыма, цяпер не лепшы час для прэм'еры, але ніхто не ведае, што будзе заўтра. Мы тут, побач, падтрымліваем адзін аднаго тым, што не спыняемся. 23 траўня , у 19:00, на YouTube-канале «Купалаўцы» сустракайце сусветны паказ несмяротнай «Паўлінкі».

 

Купалаўцы назаўсёды. Фота: Наша Ніва.

 

Так, гэта не проста прэм'ера, а сапраўднае онлайн-падарожжа па свеце з масай сюрпрызаў. Як паведамляе тэлеграм-канал Паўла Латушкі, спецыяльна да прэм'еры мы падрыхтавалі субтытры на англійскай, французскай, нямецкай, украінскай, польскай, рускай і нават кітайскай мовах. Вы можаце абраць патрэбны варыянт у наладах відэа падчас прагляду.

Сапраўдны спектакль-легенда, які больш за сем дзесяцігоддзяў жыве на купалаўскай сцэне, выхаваў некалькі пакаленняў артыстаў і гледачоў, нарадзіўся ў эвакуацыі ў Томску ў 1944 годзе. Візітная картка тэатра, нематэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, салют і свята шчырай беларускай мовы, спектакль-музей, спектакль-аншлаг, спектакль-каханне. Спектакль, які ўвабраў у сябе мноства лёсаў, гісторый і легендарных імёнаў».