Рыгор Кастусёў. ЛІНІЯ ФРОНТУ. Патрэбы Крамля — пагроза для незалежнасці Беларусі

Рыгор КАСТУСЁЎ

Рыгор КАСТУСЁЎ

Старшыня Партыі БНФ і грамадскага аб'яднання БНФ "Адраджэнне", экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010. Нарадзіўся ў 1957 годзе ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёна. У 1982 годзе скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спэцыяльнасці інжынер-механік. Служыў у Савецкай арміі, працаваў галоўным інжынерам, дырэктарам саўгаса, дырэктарам Шклоўскага раённага аб'яднання жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У 2001 годзе вымушаны быў сысці з пасады пад ціскам уладаў з-за працы ў камандах кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў. Быў дырэктарам сумеснага беларуска-ўкраінскага прадпрыемства. Тройчы абіраўся дэпутатам мясцовых саветаў. Аўтар праграмы развіцця і рэфармавання жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, канцэпцыі дзяржаўнай палітыкі лесакарыстання ды іншых праграмных дакументаў БНФ.

Кіраўніцтва Беларусі ўсяляк імкнецца здабыць у Расіі матэрыяльную падтрымку дзеля ўтрымання цяперашняга рэжыму, які не мае даверу народа і трымаецца толькі на сіле прымусу і расійскіх датацыях. Аднак ў абмен на падтрымку Крэмль патрабуе ад Мінску незваротных крокаў у падпарадкаванні Беларусі знешняму кантролю.

Лукашэнку патрэбныя крэдыты, паколькі старая расійская падтрымка ўжо праедзеная. Становішча ў эканоміцы надзвычай дрэннае, таму тэрмінова патрэбныя грошы. Па іх Лукашэнка і паехаў у Сочы, бо цяпер, апроч як Расія, крэдытаў яму ніхто больш не дасць.

Эўрапейскія крэдытныя лініі зачыненыя з-за ўнутранай палітыкі рэпрэсіяў. Выкалачваць грошы з мясцовага бізнэсу і насельніцтва да бясконцасці немагчыма. А з Пуціным можна дамовіцца на новую падтрымку, як, прынамсі, і на растэрміноўку ранейшых крэдытаў.

Узнікае пытанне — які будзе кошт такой дамовы для беларускага народа і беларускай дзяржавы?

Адрозненне цяперашняй сітуацыі ў тым, што Расіі ўжо мала завярэнняў ў братэрстве і саюзніцкіх стасунках. Крамлю патрэбныя рэальныя саступкі, у тым ліку рэальныя кавалкі беларускага сувэрэнітэту. Іх мэта — кантраляваць не толькі цяперашнюю Беларусь (што ажыццяўляецца надзейна, менавіта праз прарасійскую палітыку Лукашэнкі), але і важней — кантраляваць будучыню нашай краіны.

Расія пасля Крыму адчувае патрэбу ў новых тэрытарыяльных захопах. І Беларусь, відавочна, адзін з патэнцыйных напрамкаў захопніцкай экспансіі.

Але, разам з гэтым, у Крамлі разумеюць, што любыя подпісы Лукашэнкі пад дакументамі і ягоныя абяцанні нічога не вартыя. Яны не легітымныя ў вачах беларускага народу. І здача суверэнітэту Лукашэнкам ніколі не будзе прызнаная законным крокам. Таму крамлёўскае кіраўніцтва імкнецца да таго, каб Лукашэнка не проста здаваў кавалкі беларускай незалежнасці, а рабіў гэта такім чынам, каб была забяспечана бачнасць “дэмакратычнасці” і “законнасці” гэтых ягоных крокаў, што б дазволіла забяспечыць кантроль над краінай і пасля сыходу Лукашэнкі.

Як адзін з варыянтаў здзяйснення такіх планаў Крамля — змены ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь праз рэфэрэндум. Пра гэта сведчаць словы міністра замежных справаў і некаторых “прыкарытных” палітолагаў, што замацаванае ў Канстытуцыі імкненне да нейтралітэту можна і прыбраць.

У вачах Лукашэнкі Канстытуцыя, таксама як і любы закон — гэта нікчэмная паперка. Ён яе неаднаразова нахабна парушаў, перапісваў пад сябе, нават тую рэдакцыю, якую ў 1996 годзе напісалі для яго.

Ёсць небяспека, што ён бяздумна пагодзіцца на інсцэніроўку канстытуцыйнай рэформы і замацаванне ў Канстытуцыі падпарадкаванага статусу Беларусі як расійскай калоніі, пагадзіўшыся на гэта ў абмен на падтрымку цяперашняга рэжыму ў гэты складаны для яго момант.

Цалкам верагодна, што Лукашэнка ўжо пагадзіўся на падпісаньне той 31-й сакрэтнай дарожнай мапы, пра якую стала вядома год таму. Падпісанне гэтай дарожнай мапы пацягне за сабой вельмі негатыўныя наступствы для Беларусі.

Ужо вядома, што падрыхтаваныя дакументы на працяг размяшчэння ў Беларусі расійскіх вайсковых аб’ектаў (станцыі сувязі і радыёлакацыйнай станцыі). Усё ідзе да таго, што ў бліжэйшы час паўстане пытанне пра прыняццё адзінай валюты — расійскай — на тэрыторыі Беларусі, адмову ад эканамічнага сувэрэнітэту.

Ёсьць меркаванне, што разглядаюцца пытаньні па размяшчэнні дзвюх паўнавартасных вайсковых базаў Расійскай Фэдэрацыі на тэрыторыі Беларусі, датычных як авіацыі з ядзернай зброяй на борце, так і сухапутных, танкавых войскаў.

Сітуацыя надзвычай сур’ёзная, і пагроза для незалежнасьці Беларусі цяпер як ніколі вялікая.

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.