Алесь Мікус. ПРАЕКЦЫІ. Пяць варыянтаў для перавароту

Алесь МІКУС

Алесь МІКУС

Нарадзіўся ў 1982 г. у Мінску. Адукацыя: аддзяленне псіхалогіі БДУ, аспірантура АПА. Музыка, перакладчык, публіцыст.

Калі менш за год таму аўтар гэтых радкоў пісаў на гэтую ж, «навінаўскую» платформу тэкст «Дэманалітызацыя», дзе ішлося пра фізічнае і ідэйнае падрабненне партый і «выпалены» палітычны ландшафт, дык нават і не думалася, што так хутка пасля таго надыдзе «новая рэальнасць» — з новымі дзеячамі і такім водгукам на іх масаў.

Інакш кажучы, адчуванне пераходу тады нібыта «лавілася» з паветра. Тэкст той пісаўся ў красавіку, а два асноўныя наступныя актары абвясціліся ўжо ў траўні.

Мабілізацыя масаў вяла-вяла і прывяла да шэрагу звышмасавых маніфестацый у пасляжнівеньскі час. Папавыходзілі пратэстоўцы, але ўрэшце ўсё менш-больш суцішылася, апроч асобных агмянёў, звязаных на сёння найперш з карнымі захадамі да тых, хто праявіўся ў пратэстах.

Чакаюць: хто — вясны і новага ўздыму, хто — наступных санкцый, хто — вырашэння з боку ўсходняга суседа. Але як канкрэтна гэта прывядзе да пераменаў — дазнацца не дазнаешся, хоць учытвайся, хоць упытвайся.

З гэтай сітуацыі падважанасці, уласцівай цяпер бадай кожнаму, хто так ці інакш спаглядае за развіццём сітуацыі, і ўзніклі выкладзеныя тут развагі.

Перш згадаю аповед удзельніка адной з тых звышмасавых маніфестацый ля стэлы. Вялізны натоўп гайдаўся, і той, каб яго агледзець, прабраўся на пагорак да манумента. Стаў на пастамент, углядаецца. Збоку падыходзіць маладзён, кажа: злезьце, пожалуйста, з пастамента, тут вунь кветкі ляжаць на ім пакладзеныя, не трэба, каб нас хоць нешта такое беспарадачнае пляміла, і ўвогуле — улыбайтесь.

Гэта, вядома, з таго ж шэрагу, што і здымаць боцікі перш чым стаць на лаўку. Дык адны — не грэбуюць аддаваць загады на прымяненне зброі, катуюць і ладкуюць прота-канцлагеры, а другія тым часам — боцікі здымаюць і пастаменты абдзьмуваюць. Здымалі, абмахвалі.

Выглядае, што — ізноў, як тыя амаль ужо тры дзясяткі гадоў таму — за тую ўладу дзерціся волі не маюць, адно што тая ўлада ўжо і не валяецца зусім «ў гразі», а ператварылася ў «сасуд», які, бы крышталёвы, нясуць пад аховай.

Чым яшчэ, як не адсутнасцю такой волі, патлумачыш жаданне застацца «чыстымі», спадзеючыся ці на рэзкія рухі хаатычнага некіраванага натоўпу на вуліцах (пасля жніўня ці ўвесну), ці на ўплыў заходніх санкцый, на «нябачную руку» эканамічнага калапсу?

Усе хочуць застацца чысценькімі, і толькі адзін, нібы які ўладар з зусім старых часоў, не баіцца пляміцца і таму «бярэ банк». Гэта выглядае такім сабе «комплексам святога Пазьняка», які, маючы ў свой час — таксама — працэнтаў дваццаць падтрымкі, не хацеў пляміцца і накіраваць усё па-свойму і рэзка.

Але бліжэй да вынесенага ў загаловак, бо гэта быў уступ і акрэсленне сітуацыі з яе перадгісторыяй. Дык што можа змяніць сітуацыю? Як выглядае, толькі дзеянні ў прымяненні да таго самага «ўладара». Разгледзьма іх, даўшы кожнаму з варыянтаў (або, хай сабе, «сцэнароў») назву.

Варыянт 1. «Грынявіцкі». Тое, пра што ў 1990-я гаварылася хутчэй жартоўна, — «Беларусь уратуе снайпер». Ігнат Грынявіцкі — наш зямляк з-пад Клічава, у 1881-м ён кінуў бомбу, якой забіў расійскага цара, але і смяротна параніў сябе. Праўда, для таго, каб якісь «шахід» на такое рашыўся, трэба, каб меў у галаве ідэалогію, а такой не праглядаецца — не за «еўрапейскі дабрабыт» жа ахвяроўвацца.

Варыянт 2. «Рабэр Дэнар». Што за персанаж у назве варыянту? «Кароль найманцаў», французскі вайсковец. Гэта ён, на чале сваіх найманцаў («піратаў ХХ стагоддзя»), у 1970-х арганізоўваў пераварот у Бяніне (няўдала) і колькі пераваротаў на Каморскіх астравах (двойчы ўдала). У нашых рэаліях тыя, каго ўнеслі ў спісы тэрарыстаў, хіба міліцэйскую маёмасць, як выглядае, псавалі.

Варыянт 3. «Павел Першы». Маецца на ўвазе перыяд у расійскай гісторыі ў 18-м стагоддзі, калі адзін за адным ішлі «палацавыя перавароты», у тым ліку той, калі ў сябе ў ложку быў забіты цар Павел Першы. Варыянт змовы вайскоўцаў ці вышэйшага чынавенства. Для гэтага трэба весці зусім канкрэтныя перамовы з «тым» бокам — а не цешыцца з таго, што паўзбеглы банкір у Лондане на бок пратэстоўцаў пяройдзе.

Варыянт 4. «Троцкі». Поўнамаштабны вулічны пераварот: плывуць разгарачаныя масы, а пад іх прыкрыццём група рэвалюцыянераў займае «пошту — банк — тэлеграф». Да гэтага варыянту было паўкрокі тады некалькі разоў, калі 200-тысячны натоўп займаў плошчу Незалежнасці. Для гэтага таксама патрэбная ці арганізацыя, ці самаменш лідар.

Варыянт 5. «Кейстут». Гэта калі прыязджае адзін лідар да другога, а той яго інтэрнуе, абмяжоўвае ў перасоўванні, не выпускае назад. Або і нават душыць, як Ягайла Кейстута ў Крэўскім замку. Для гэтага варыянту, вядома, таму «гаспадару становішча», які меў бы інтэрнаваць, прапаноўваецца штось надта ласае, каб перацягнуць на свой бок. У нашым разе расійскаму лідару не напрапануешся, бо з хвостам разам з'есць.

Вось такія, як выглядае, варыянты для перавароту. Без таго, каб чакаць з неба пагоды. А планы пра «рэсурсы», уласныя і неабходныя, пакіньце на заяўкі для грантадаўцаў, гэта адтуль стылістыка.

Але напрыканцы дазвольце адзін апендыкс — невідавочны, хай сабе хісткі і зусім ня кожнаму аўтарытэтны.

Не ўчора заўважана, што беларускія ўладатрымаўцы зважаюць на становішча зораў пры важных падзеях камунікацыі з народам (рэферэндумы ці выбары). Ад 2004-га года такія акты камунікацыі, як выглядае, прымяркоўваюцца да перыядаў зацьменняў, месяцовых і сонечных. Зоразнаўцы, калі вобразна, ацэньваюць такое прымеркаванне так, што «вочы зацьмяваюць» людзям. (Падрабязней тут)

Але 9 жніўня прымеркавалі да іншага. Калі сцісла, гэта быў дзень, калі на небе сышліся разам Месяц у апагеі (найдалейшая кропка ад Зямлі) ды планета Марс. Калі адным сказам, без празмерных выкладак, дык гэта вытлумачваецца так — «уся энергія круціцца ў самім дзеянні і не пераходзіць у якісь вынік» (Падрабязней тут).

Верыць гэтаму ці не — але ці ж не так і адбылося? Колькі разоў той 200-тысячны натоўп прапускалі куды ён хацеў — а калі захацелі, дык лёгка перашкодзілі і сабрацца, і рушыць. Далі выйсці незадавальненню? Гэта пацвярджаў бы не толькі ход падзей, але і, як бачым, зорная сітуацыя.

А таму тыя, згаданыя вышэй 5 варыянтаў — гэта хутчэй гіпатэтычны адказ на пытанне: што трэба было б рабіць, калі б гэта ўсё было ўсур'ёз. Базу звестак з усімі актыўна незадаволенымі стварылі — можна працягваць цараваць далей. Дзякуй, што не пастралялі, як пісьменнікаў і астатнюю культэліту ў 1937.

 

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.