«Зробім лепш 2020»: не час спыняцца!
З 1 чэрвеня ў Беларусі праходзіць кампанія «Зробім лепш», ініцыяваная Асамблеяй НДА. У ёй ўдзельнічаюць 40 грамадзкіх арганізацый і ініцыятыў з усіх рэгіёнаў Беларусі.
Акцыі, муралы, конкурсы, петыцыі, групы псіхалагічнай падтрымкі, вырашэнне праблемаў моладзі – удзельнікі і ўдзельніцы «Зробім лепш» выкарыстоўваць усе дасяжныя сродкі, каб вырашыць мясцовыя праблемы, у першую чаргу, тыя, якія звязаныя з COVID.
«Першапачаткова планавалася, што кампанія абмяжуецца чэрвенем, але 2020 год досыць непрадказальны і асобныя падзеі сёлета будуць праходзіць да канца лета», – кажа Станіслава Гусакова, кіраўніца Выканаўчага бюро Асамблеі НДА.

Што аб’ядноўвае кампаніі?
Салідарнасць, узаемадапамога, разуменне, што ўсё ў нашых руках. Дробнымі крокамі можна прыйсці да вялікіх мэтаў, а з парадку ў сваіх ваколіцах пачынаюцца змены ва ўсім грамадстве.

Хто ўдзельнікі і якія праблемы яны вырашаюць?
Свае ідэі на конкурс даслалі 100 НДА і ініцыятыў, з якіх арганізацыйны камітэт адабраў 41 ідэю для рэалізацыі. Прыярытэтам карысталіся праекты, якія адказвалі на новыя выклікі, справакаваныя пандэміяй COVID-19 і прыцягвалі грамадзянаў да ўдзелу.
«Кампаніі вельмі розныя, але найбольшая колькасць прыйшлася на сацыяльную сферу, гісторыю і культуру, экалогію і ўрбаністыку, – адзначае Станіслава Гусакова. – Важная ўмова для ўсіх кампаній – улічваць выклікі панлэміі Covid-19 і клапаціцца пра здароўе ўдзельнікаў».
Актывісты шукаюць альтэрнатыўныя шляхі камунікацыі з грамадствам: у Оршы ствараюць мультфільм для факультатыўнага прадмету «Оршазнаўства», у Віцебску ладзяць анлайн-канцэрты, Брэст вядзе кампанію на карысць стварэння скейт-парку.
Частка кампаній скіраваная на дапамогу ўразлівым групам, тым, чыё жыццё падчас пандэміі ўскладнілася яшчэ больш – бацькам, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, сталым, самотным людзям. Так у Бараўлянах Цэнтр «Экажыццё» ладзіць майстар-класы «Смачняшкі для суседзяў»: маладыя людзі з інваліднасцю і без вучацца гатаваць пірагі і пячэнне, а затым частуюць самотных сталых суседзяў.

Дзе сачыць за хадой і вынікамі кампаніі?
Сачыць за хадой кампаніі можна праз
«Зробім лепш 2020» скіраваная на паляпшэнне іміджу грамадскіх арганізацый і ініцыятыў праз сумесную дзейнасць, пашырэнне салідарнага ўдзелу грамадзян у вырашэнні праблемаў, развіццё гарызантальных сувязяў і ўзаемадапамогі.
Кампанія «Зробім лепш» праводзіцца Асамблеяй НДА Беларусі ў пяты раз. Папярэднія кампаніі ладзіліся ў 2002, 2003, 2013 і 2014 гадах.