Павел Севярынец. ФЕНАМЕНАЛОГІЯ БЕЛАРУСІ. Пра Пуціна і палітыкаў-хрысціян

Павел СЕВЯРЫНЕЦ
Нарадзіўся 30 снежня 1976 г. у Воршы. У 2000-м скончыў БДУ, атрымаўшы дыплом інжынера-геолага. У 1997-2004 гг. — заснавальнік і кіраўнік “Маладога фронту”. З 2005-га — сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”. Больш за 5 гадоў правёў у турмах, на “сутках” ды ў ссылках па палітычных прысудах. Заснавальнік асветніцкіх праектаў “Курсы дыджэяў Адраджэння” і “Шоў беларушчыны”, серыі музычных альбомаў “Беларускі Хрысціянскі Хіт”. Аўтар кнігаў “Дыджэй Адраджэння”, “Пакаленне Маладога Фронту”, “Брату”, “Люблю Беларусь”, “Лісты з лесу”, “Беларуская глыбіня”. Лаўрэат літаратурных прэміяў імя Алеся Адамовіча і Францішка Аляхновіча, прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Жанаты з Воляй Севярынец. Хрысціянін.
Шмат ежджу па Беларусі, за апошні год больш ста дваццаці гарадоў, мястэчак і вёсак. Зараз для вялізнай колькасці беларусаў альтэрнатыва Лукашэнку — не лідэры апазіцыі, а Пуцін.
“Лукашэнка дастаў, прыдзе Пуцін і навядзе парадак” — вось што кажуць людзі, наглядзеўшыся тэлевізара. Супярэчлівыя галасы дзясятка лідэраў раздробленай апазіцыі ўспрымаюцца як пабочны шум.
Таму зараз нам, беларускім дэмакратам, трэба правесці сумленныя, свабодныя, празрыстыя і справядлівыя ўнутраныя выбары — і вызначыць адзінага лідэра, здольнага стаць голасам беларускага народа.
На мой погляд, гэта можа быць і лідэр пратэстаў, і лідэр байкоту, і лідэр пераможнай кампаніі ў выпадку форс-мажору, які наспявае. Выбараў няма, фальсіфікацыі татальныя. Але ў выпадку знешняга ці ўнутранага ціску, масавых забурэнняў ці нечаканасцяў са здароўем Лукашэнкі сістэма можа даць збой — і трэба быць гатовымі вярнуць народу ўладу, на якую ўжо разінуў пашчу Крэмль.
Таму і вырашыў. Набліжаецца час вырашаць.
Пытаюцца, ці гатовая Беларусь прыняць палітыка-хрысціяніна. Адкажу.
Беларусь большую частку сваёй гісторыі была краінай, якой кіравалі палітыкі-хрысціяне. Ізяслаў, Усяслаў, Альгерд, Вітаўт, Жыгімонт Аўгуст, Сапегі, Радзівілы, Астрожскія… Полацкае Княства — гэта вечавая хрысціянская дэмакратыя. Вялікае Княства Літоўскае ў пару свайго росквіту — шляхецкая хрысціянская дэмакратыя. Наогул, хрысціянская дэмакратыя — гэта палітычны хрыбет беларускай нацыі.
Паглядзіце, камуністы кіравалі ў Беларусі 70 гадоў, забілі мільёны беларусаў і пабудавалі сотню свінакомплексаў. Праваслаўны атэіст Лукашэнка кіраваў у Беларусі 25 гадоў, кінуў за краты тысячы найлепшых людзей краіны і пабудаваў паўсотні лядовых палацаў. А хрысціянскія палітыкі кіравалі ў Беларусі шэсьцьсот гадоў, і гэта быў залаты век дзяржавы.
Хрысціянскія палітыкі выйгралі ў краі першыя выбары ў расійскую Дзяржаўную думу і прадстаўлялі Беларусь у сейме Другой Рэчы Паспалітай. Калі б не войны ды саветы — у Беларусі б і зараз кіравалі хрысціянскія дэмакраты.
Бяда ў тым, што Лукашэнка ёсць адлюстраваннем настрояў вялікай часткі грамадства, змардаванага бязбожжам і камунізмам, зняверанага, ашуканага, разгубленага. Але я веру, што за два дзесяцігоддзі многія беларусы паглядзелі ў гэтае люстэрка і жахнуліся.
Ці гатовая Беларусь да прэзідэнта-хрысціяніна?... Вы яшчэ пытаецеся? Ды мы займаем адно з першых месцаў у свеце — у свеце! — па ўзроўні самагубстваў, абортаў, разводаў, жанчынаў у турмах, ужыванні алкаголю… Краіна проста енчыць у забыцці. Краіна просіць надзеі! Беларусі як паветра патрэбныя людзі, якія вераць у Бога і любяць сваю радзіму.
Але ня трэба чакаць героя, які прыдзе і зробіць рай на зямлі. Толькі калі мы пачнем з сябе, са сваіх сэрцаў, калі возьмемся разам — мы не дапусцім тут пекла.
А які патэнцыял у палітыкі з хрысціянскім адценнем у свеце — давайце спытаем у амерыканцаў пра Джорджа Вашынгтона ды Рональда Рэйгана ці ў немцаў пра Конрада Адэнаўэра, Гельмута Коля альбо Ангелу Меркель.